Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народжаныя безь любові


Алег Дашкевіч

Хакейнае менскае «Дынама» зноў не адужала першага раўнду плэй-оф лігі КХЛ.

Не адужала, хоць правяло найлепшы сэзон за ўвесь свой час знаходжаньня ў гэтай лізе, упершыню падняўшыся на пятае месца ў сваёй канфэрэнцыі.

Быў абноўлены рэкорд набраных за час гладкага чэмпіянату пунктаў, ажно 105, дый увогуле каманда да пачатку гульняў на выбываньне выглядала самавіта. Зубры бадаліся з усімі лідэрамі даволі роўна, але...

Плэй-оф пачаўся, і добры хакей у выкананьні менчукоў скончыўся.

Спартовы экспэрт Матч ТВ Сяргей Гімаеў, рэзюмаваў убачанае ў апошнім матчы:

«Вось паглядзіце, нібыта й добрыя хакеісты ў камандзе, і самааддача ёсьць, і шайбу ня ўступяць, і майстэрства прабіваецца. Але гэта толькі ў матчах з роўнымі сабе ці больш слабымі. Як толькі дынамаўцам трапляецца дужы супернік, куды што ў іх дзяецца.

Хлопцы-мінчане, вы навошта сюды прыехалі? На хакей Яраслаўля паглядзець, як яны ўмеюць ў яго гуляць? Ну, цяпер глядзіце на табло, там усё адлюстравана».

Але найбольш трапна выказаўся наконт гэтага супрацьстаяньня паміж менчукамі й яраслаўцамі камэнтатар КХЛ-TV Аляксандар Гуськоў:

«На мой погляд, менчукі, выйграўшы адзіны матч у сябе дома, аддалі ўсё, што ў іх было, свой максымум, і заканамерна прайгралі».

Вызначальнае слова — заканамерна.

Ад самага заснаваньня ў 1948 годзе да аднаўленьня пасьля пэрыяду небыцьця ў 1976-м хакейнае менскае «Дынама» на працягу усёй сваёй гісторыі было камандай на патрэбу.

Ну, так было заведзена ў СССР, што мусілі быць футбольныя і хакейныя каманды. Але, у адрозьненьні ад футбольнага «Дынама», хакейнае было ня надта любімае беларускім партыйным кіраўніцтвам.

Тагачасны генсек КПСС Леанід Брэжнеў любіў хакей, і хакейная каманда, ад неабходнасьці, у Менску мусіла паўстаць і паўстала. Што праўда, была такой камандай няўдахай, увесь час боўтаючыся паміж вышэйшай і першай лігамі савецкага хакею.

Найлепшы вынік клюбу — дзясятае месца ў сэзоне 1989-1990 гадоў.

Пасьля зноў быў пэрыяд няпэўнасьці, перайменаваньня, паўзы ў існаваньні. Ізноў аднаўленьне тагачасным міністрам МУС Уладзімерам Навумавым. Але вынік зноў — як заўжды.

Я вось думаю, чаму так адбываецца. Адна каманда, прыкладам, гандбольны менскі СКА на голым энтузіязьме робіць сабе славутую гісторыю, іншая пры ўсёй дзяржаўнай падтрымцы ніяк ня можа даць вынік, якім можна было хоць неяк ганарыцца.

Ведаеце, гэта як з тэкстам. Адзін ты пішаш ад душы, таму што хочаш сказаць нешта новае, сваё, укласьці ў напісанае энэргію. Іншы пішаш папросту таму што трэба. Абавязак змушае, хочаш грошы зарабіць, нейкая модная тэма, можа нешта іншае, але душы там няма, і ты сам гэта разумееш. Хіба кароткатэрміновая ці далёкасяжная прагматычная мэта.

Адно дзіця нараджаецца ў любові, іншае — бо так склаліся абставіны, і надалей тая атмасфэра акрэсьлівае ўсё ягонае жыцьцё. І гэтаму дзіцёнку надалей трэба прыкладаць неймаверныя высілкі, каб зьмяніць атмасфэру нараджэньня.

Мне здаецца, што праект хакейнага «Дынама» нарадзіўся ня ў самай лепшай атмасфэры. Дзіця гэтае было народжанае безь любові, але таму што так было трэба, як сказана вышэй — ад неабходнасьці. Зьмяніць атмасфэру нараджэньня ў гэтай каманды не атрымалася.

Таму ў самы адказны момант, нягледзячы на немалы бюджэт і найлепшую наведвальнасьць Менск-арэны нашымі хакейнымі заўзятарамі, родавая псыхалягічная траўма даецца ў знакі й наўпрост уплывае на сілу духу, настрой, энэргію.

Ня толькі ў гэтым плэй-оф, але на працягу ўсяго яе немалога жыцьця.

Ня кожнаму шанцуе нарадзіцца пад шчасьлівай зоркай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG