Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мор рыбы ў прыгарадзе Магілёва. Рыбакі перакананыя, што ваду атруцілі, інспэкцыя правярае


Здохлая рыба на Вяйнянскім вадасховішчы

На вадасховішчы пасёлку Вейна, што пад Магілёвам, мор рыбы. Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што гэта вынік атручваньня вады. Паводле іх, і раней у возеры ад бруднай вады дохла рыба, але каб гэтулькі, як цяпер, яны ніколі ня бачылі.

Тым часам спэцыялісты Магілёўскай раённай інспэкцыі аховы навакольнага асяродзьдзя раяць не рабіць пасьпешлівых высноваў. На іхную думку, мор рыбы магла выклікаць нястача кіслароду ў вадзе.

Невялікае вадасховішча ў Вейне ўтворана запруджанай рачулкай Дзягцяркай. Яно яшчэ пад лёдам. Толькі пры берагах адтала. Найбольш дохлых акунёў ды плотак — у адталінах каля дамбы. Туды іх зносіць плынь.

Да запруды ідуць мясцовыя жыхары, каб пабачыць, што адбываецца на возеры. Некаторыя фатаграфуюць. Ніводзін зь вяйнянцаў, з кім удалося пагутарыць, не інфармаваў пра сытуацыю з рыбай ні мясцовы сельсавет, ні прыродаахоўныя службы.

На беразе зьбіраюцца мясцовыя жыхары — паглядзець на здохлую рыбу
На беразе зьбіраюцца мясцовыя жыхары — паглядзець на здохлую рыбу

«Я такога яшчэ ня бачыў», — кажа адзін з жыхароў Вейна, аглядаючы адталіны са здохлай рыбай.

«Узімку рабілі палонкі, каб рыба не задохлася, але цяпер кіслароду ў вадзе павінна хапаць. Відаць нешта зьлілі ў ваду. Калі лёд сыдзе, то возера ўсё будзе ў здохлай рыбе», — сказаў суразмоўца.

Каб спраўдзіць, ці атруцілі рыбу, ці яна пазадыхалася празь нястачу кіслароду ў вадзе, мясцовыя жыхары параілі схадзіць яшчэ на адно возера — у суседніх Навасёлках. Яно за тры кілямэтры ад Вяйнянскага і ўтворана той жа Дзягцяркай. Там гэтулькі здохлай рыбы, як на возеры ў Вейне, пабачыць не давялося.

Здохлая рыба ў адталіне ля берагу
Здохлая рыба ў адталіне ля берагу

Думкі рыбакоў на Навасёлкаўскім возеры былі катэгарычныя. «Ваду атруцілі», — казалі яны, пры гэтым называючы дзьве арганізацыі, якія маглі зьліць у рэчку адкіды.

«Калі Вяйнянскае возера атруцілі, то атрута па Дзягцярцы дойдзе і да гэтага возера і пойдзе далей па рэчцы. Вы ж зразумейце, у вадзе кіслароду даволі. Па берагах колькі трысьнягу, а там кісларод. Гэта атруцілі ваду, мы ўпэўненыя. Ці ж гэта ўпершыню», — казалі журналісту рыбакі.

На іхную думку, экалягічная сытуацыя ў Вейне і Навасёлках з году ў год горшае. Яны ня раз ківалі ў бок комінаў за лесам:

«Мы ж тут баронімся ад хімічных вытворчасьцяў, як можам. Падзівіцеся, які дым уздымаецца з тых труб. Мы і грамадзкія слуханьні зьбіралі, і ніяк дамагчыся свайго ня можам, — казалі суразмоўцы. — Нашым унукам чыстага тут нічога не пакінем. Да нас сюды прыяжджала і тэлебачаньне, і чыноўнікі. Мы з лунак ім па трыццаць здохлых рыбін даставалі. Гэтыя вытворчасьці штрафавалі, а толку ад таго? Ну, дамагліся, каб фільтры на комінах паставілі, ды абяцаюць лесапаласу высадзіць...»

Рыбак Віктар Ціханавіч: «Мы тут баронімся ад хімічных вытворчасьцяў»
Рыбак Віктар Ціханавіч: «Мы тут баронімся ад хімічных вытворчасьцяў»

У сьнежні 2015 году на грамадзкіх слуханьнях, якія праводзіліся ў Вяйнянскім доме культуры, жыхары пасёлкаў казалі кіраўніцтву Магілёўскага раёну пра пагрозы ад хімічных вытворчасьцяў. Успаміналі і пра мор рыбы.

У раённай інспэкцыі аховы навакольнага асяродзьдзя запэўнілі, што ведаюць пра сытуацыю на Дзягцярцы і займаюцца высьвятленьнем акалічнасьцяў мору рыбы. Вынікі досьледу будуць вядомыя праз пару дзён, сказалі ў інспэкцыі.

Комін за лесам курадыміць
Комін за лесам курадыміць

«Такая сытуацыя адбываецца практычна на ўсіх вадаёмах у гэтую пару. Гэта самы складаны пэрыяд для рыбы, — выказаў папярэднюю думку адзін з супрацоўнікаў інспэкцыі. — Спачатку кладзецца лёд, потым сьнег, а падчас таяньня ўтвараецца шчыльная корка і рыбе не хапае кіслароду».

Суразмоўца заўважыў, што ў вярхоўі Дзягцяркі няма вытворчасьцяў, якія маглі атруціць ваду. Тым ня менш спэцыяліст выслухаў пераказ думак мясцовых жыхароў наконт дзьвюх арганізацыяў, «небясьпечных для возера».

Па берагах Дзегцяркі нямала бытавога сьмецьця. Шмат шкляных і плястыкавых бутэлек ляжаць на лёдзе далёка ад берага.

Разам са здохлай рыбай і бытавое сьмецьце
Разам са здохлай рыбай і бытавое сьмецьце

XS
SM
MD
LG