Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 пратаколаў склалі ў Гомлі на ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў»


Мітынг у Гомелі

Удзельнікі гомельскага «Маршу недармаедаў», які прайшоў 19 лютага, праз пошту пачалі атрымліваць адміністрацыйныя пратаколы з Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. Гарадзкі камітэт руху «За адмену дэкрэту № 3» заяўляе, што пратаколы зь міліцыі атрымалі дзесяць грамадзкіх актывістаў. Адзінаццаты — за падтрымку ў судзе Аляксандра Сямёнава, першага ў Беларусі, хто падаў пазоў да падатковай інспэкцыі за «дармаедзкі» збор.

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

«Пры канцы лютага я зь іншымі ўдзельнікамі маршу хадзіў па позьве ў першае аддзяленьне міліцыі Цэнтральнага РАУС, — сказаў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы афіцэр міліцыі Ўладзімер Няпомняшчых. — Але ўсярэдзіну мы так і ня трапілі. Нас прымушалі пакінуць мабільныя тэлефоны і іншыя асабістыя рэчы ў камэры захоўваньня. Я першы адмовіўся гэта рабіць, бо не давяраю міліцыі — апасаюся правакацыі.

Цяпер праз пошту атрымаў адміністрацыйны пратакол, складзены маёрам Сяргеем Жытнікавым на падставе артыкула 23.34 КаАП. Ён піша, што я ўдзельнічаў у мітынгу і вулічным шэсьці, хоць „арганізатары ня мелі дазволу на іх правядзеньне“. Пратакол Жытнікаў склаў без майго ўдзелу, тым ня менш пазначыў, што я „ад тлумачэньняў і подпісу адмовіўся“. Махлююць на кожным кроку».

Падобныя пратаколы атрымалі праз пошту Ўладзімер Кацора, Васіль Палякоў, Барыс Анікееў, Мікалай Пяшко, Андрэй Макараў, блогеры Максім Філіповіч і Дзьмітры Сабураў ды некаторыя іншыя ўдзельнікі маршу.

Мікалай Пяшко
Мікалай Пяшко

«Гэта звычайныя рэпрэсіі і запалохваньне людзей, — кажа Мікалай Пяшко. — Не лічу, што ўдзельнічаў у незаконным мерапрыемстве. Я мірным чынам адстойваў свае канстытуцыйныя правы».

Андрэя Стрыжака, яшчэ аднаго гамельчука, актывіста Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП міліцыя таксама вінаваць у арганізацыі 21 лютага несанкцыянаванага мітынгу каля будынку суду Цэнтральнага раёну. Адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП склаў у дачыненьні да Стрыжака начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку Цэнтральнага РАУС Уладзіслаў Шукель. У той дзень звыш сотні гараджанаў прыйшлі на заключнае паседжаньне суду па пазове «недармаеда» Аляксандра Сямёнава да раённай падатковай інспэкцыі — за патрабаваньне сплаціць «дармаедзкі» збор. Усе ахвотныя не змаглі зьмясьціцца ў судовай залі, таму выйшлі на вуліцу і каля прыступак суду скандавалі: «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!».

Тым часам камітэт руху «За адмену дэкрэту № 3» абвясьціў, што «Марш недармаедаў-2» мае адбыцца ў Гомелі 25 сакавіка.

XS
SM
MD
LG