Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры разьбіраюць намётавы лягер ля Курапатаў


Фота на памяць

З раніцы панядзелка валянтэры пачалі разьбіраць намётавы лягер каля Курапатаў, які ўзьнік два тыдні таму, каб спыніць будаўніцтва офіснага цэнтру ля Курапацкага мэмарыялу. Да поўдня панядзелка лягер валянтэраў яшчэ захаваўся, але ўжо без навесу над сталом ды гаспадарчых прыладаў.

Валянтэры пачалі разьбіраць падлогу лягеру, якая была зроблена з паддонаў, «распранутымі» стаяць намёты. Няма ўжо на самаробнай эстрадзе піяніна, на якім ігралі падчас канцэрту музыкі гурту Naka.

«Паддоны добрыя вывезем, ужо адну машыну загрузілі, дрэнныя — спалім. Эстраду разьбяром, бярвёны аднясём у лес. Да вечара думаем управіцца. Сэнсу ахоўваць плот, за якім нічога няма, ня бачу. Забудоўнік адмовіўся ад гэтага месца, гэта галоўнае», — кажа сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Пры гэтым Дашкевіч не выключае, што нехта з валянтэраў яшчэ правядзе тут наступную ноч: «Можа, Сяргей Пальчэўскі».

Сяргей Пальчэўскі хаваецца ад дажджу над навесам «эстрады» і курыць. «Так, крыху сумна», — пагаджаецца валянтэр, які ў разгар супрацьстаяньня прыкоўваў сябе кайданкамі да бампэра грузавой машыны будаўнікоў. Менавіта тады будаўніцтва было спыненае і больш ужо не аднаўлялася.

Той час згадвае і Наста Гусева, валянтэрка ад «Моладзі БНФ». Таксама прызнаецца, што цяпер ёй крыху сумна разьвітвацца зь лягерам: «Як бы паход заканчваецца». Наста трымала вахту амаль усе дні, за выключэньем толькі двух, калі хварэла.

Наста Гусева
Наста Гусева

Што будзе прыгадваць яна з гэтага пакуль самага запамінальнага для сябе «паходу»? Як толькі (недзе праз гадзіну) заўважылі Сяргея Пальчэўскага на дарозе, яна падскочыла да яго, а ён увесь тросься ад холаду. Прыносіла яму гарбату з «Антыгрыпінам». «Нічога, моцны, не захварэў!» Яе потым таксама трэсла ад холаду, хлопцы гвалтам зьнялі зь яе абутак і расьціралі ногі.

Над лягерам зь невялікімі перапынкамі ідзе дождж, і валянтэры ў паўзах паміж працай расказваюць байкі пра жыцьцё ў лягеры. Бард Зьміцер Захарэвіч прыгадаў, як у пятніцу перад мітынгам па кальцавой праімчаў картэж. «Відаць, Лукашэнка ехаў. Бачыў жа нашы сьцягі, мог бы і спыніцца, але ня стаў. Вышэйшы за гэта? Нічога, памятаеце, ён як праехаў — які сьнег пайшоў?» Сьнегу, ні апошняга, ні нейкага іншага вакол зусім не засталося. Цяпер валянтэры думаюць, як пасьля прыбяруць гэтую тэрыторыю. «Можа, дрэўцы ды кусты пасадзім, каб было зусім прыгожа».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG