Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нечаканасьці берасьцейскага «Маршу недармаедаў»: новыя лідэры, прэвэнтыўныя арышты, перамовы з уладамі


Акцыя «Марш недармаедаў» ў Берасьці сабрала каля 1000 чалавек. Упершыню за многія гады столькі берасьцейцаў выйшлі выказаць пратэст на вуліцы. Характэрна, што ў берасьцейскага пратэсту выявіліся новыя лідэры.

Сябра АГП Кабанаў два дні быў з адключаным тэлефонам, засьцерагаючыся прэвэнтыўных затрыманьняў

Адзін з лідэраў берасьцейскага «Маршу недармаедаў», сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў распавёў сёньня Свабодзе, што мусіў два дні хавацца з адключаным тэлефонам, каб ня быць прэвэнтыўна затрыманым як берасьцеец Андрэй Шарэнда, які цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў чаканьні суду.

Жывая трансьляцыя Маршу недармаедаў у Берасьці 5 сакавіка

Аляксандар Кабанаў — жыхар Бярозы, які ўзначаліў берасьцейскі «Марш недармаедаў» 26 лютага, калі мясцовыя дэмакратычныя сілы не пасьпелі зрэагаваць на хвалю пратэсту. Менавіта спадар Кабанаў прыйшоў тады з мэгафонам і пачаў прамаўляць да пратэстоўцаў. Пасьля акцыі 26 лютага ў Аляксандра Кабанава пачаліся праблемы з правахоўнікамі. 2 сакавіка цягам дня яго двойчы затрымлівалі міліцыянты, склалі пратакол за брыдкаслоўе і даставілі ў суд, адкуль ён выйшаў дзякуючы хадайніцтву аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам.

Сёньня на плошчы ў Берасьці Аляксандар Кабанаў патлумачыў журналісту Свабоды, што ён ня мае на мэце ўхіляцца ад праваахоўнікаў, і сёньня ж добраахвотна зьявіцца ў міліцыю па месцы жыхарства ў Бярозе.

Прэвэнтыўныя затрыманьні міліцыяй і зьмяшчэньне ў вар’ятню

На марш у Берасьці сёньня прыйшла Паліна Шарэнда-Панасюк, жонка затрыманага Андрэя Шарэнды, актывіста «Эўрапейскай Беларусі». Яна распавяла Свабодзе, што Андрэй знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня і 6 сакавіка а 12 гадзіне яго будуць судзіць у судзе Ленінскага раёну.

Каля тысячы чалавек на «Маршы недармаедаў» у Берасьці. Фотагалерэя

Жаночае аблічча берасьцейскіх пратэстаў прадстаўляе актывістка «Маладой Беларусі» і АГП Натальля Папкова. 30-гадовая дзяўчына першай выйшла на другім берасьцейскім маршы зь бел-чырвона-белым сьцягам. 3 сакавіка Натальлю Папкову прымусова зьмясьцілі ў псыхіятрычны стацыянар у Берасьці, дзе яна на знак пратэсту абвясьціла галадоўку.

Сёньня ў часе акцыі ў Берасьці актывіст «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч распавёў Свабодзе, што ён з паплечнікамі здолеў наведаць раніцай Натальлю Папкову ў лякарні і меў зь ёй кароткую размову.

Народнага лідэра пратэсту заблякавалі ў хаце

Яшчэ адзін зь лідэраў пратэсту ў Берасьці, Павал Кінчак, сёньня на акцыю патрапіць ня здолеў. Перад пачаткам акцыі ён паведаміў карэспандэнту Свабоды, што да яго дахаты прыйшлі асобы ў цывільным, якія прыгразілі яму, каб не выходзіў з хаты. Невядомыя, па словах Паўла, дзяжурылі каля яго хаты цягам акцыі. Невядомы раней у берасьцейскім дэмакратычным асяродку Павал Кінчак быў мадэратарам першай акцыі недармаедаў у Берасьці, якая адбылася 19 лютага. Тады сотня чалавек сабралася ў Берасьці фактычна неарганізавана, толькі дзякуючы абвестцы ў сацыяльных сетках. Прадстаўнікі берасьцейскай дэмакратычнай грамадзкасьці, партыяў і рухаў у першай акцыі ўдзелу не прымалі. Пасьля другога Маршу недармаедаў Павал Кінчак паведаміў Свабодзе, што пачаў адчуваць прэсінг. Ягонай жонцы, распавёў Павал, пагражалі на працы звальненьнем, калі ён зьявіцца на чарговым «Маршы недармаедаў» 5 сакавіка.

Перамовы з уладамі

На сёньняшніх перамовах з старшынём Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандрам Рагачуком пратэстоўцы ўздымалі ў тым ліку і пытаньне аб вызваленьні Андрэя Шарэнды і Натальлі Папковай. Гарадзкі кіраўнік паабяцаў узяць гэтае пытаньне «на кантроль», распавёў адзін зь лідэраў берасьцейскага маршу, сябра АГП Уладзімер Вуек.

Адметнасьцю сёньняшняй акцыі ў Берасьці сталася тое, што ўпершыню чыноўнікі вырашылі прыняць пратэстуючых. Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук запрапанаваў для перамоваў актавую залю гарвыканкаму.

Перахоп мадэрацыі маршу анархістамі

Аднак ня ўсе пратэстуючыя пагадзілі ісьці ў залю, заявіўшы, што ўлады спрабуюць зьбіць хвалю пратэсту. Большая частка людзей засталася стаяць на пляцоўцы перад гарвыканкамам. У гэты час пратэст узначалілі анархісты ў масках, якія прыйшлі з банэрам «Чыноўнік — галоўны дармаед». Фактычна, анархісты перахапілі ініцыятыву мадэрацыі далейшай акцыі. Яны прапанавалі ісьці шэсьцем па цэнтру Берасьця і пратэстоўцы пайшлі за імі. У часе маршу гучалі лёзунгі ня толькі за адмену дэкрэту № 3, але і за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі. У часе шэсьця, якое прайшло вуліцай Савецкай да берасьцейскага ЦУМу, да пратэстоўцаў далучаліся ўсё новыя людзі і ў некаторы час, паводле розных ацэнак, у акцыі прымалі ўдзел каля тысячы і болей чалавек.

Анархісты відавочна былі пад значна большай увагай з боку праваахоўнікаў. У часе мітынгу каля гарвыканкаму да іх нават спрабавалі падыйсьці некалькі міліцыянтаў, аднак апошніх прагнаў абураны народ. Пасьля сканчэньня маршу анархісты арганізавана сыходзілі на прыпынак грамадзкага транспарту пад наглядам журналістаў, пры якіх людзі ў цывільным не адважыліся хапаць маладых людзей з чорнымі сьцягамі у масках.

Сёньняшні марш доўжыўся дзьве гадзіны. Напрыканцы пратэстоўцы абвясьцілі, што будуць зьбірацца яшчэ.

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG