Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго напалі на прафэсара, літвіны?


Лекцыя гісторыка Аляксандра Краўцэвіча, прысьвечаная гісторыі станаўленьня беларускага народу і дзяржаўнасьці. Горадня, 1 сакавіка 2017 году

«5 аргумэнтаў прафэсара Краўцэвіча, чаму нельга мяняць назву Беларусі на Крывію ці Літву» выклікалі буру камэнтароў.

Калі чытаеш абураныя водгукі, робіцца проста страшнавата. Слова «ніякавата» не перадае глыбіні пачуцьцяў. Такое ўражаньне, што на палубе тупат, што яна стала хісткай, вось-вось перакуляць. Нехта крычыць: і гэта прафэсар гаворыць пра пароль ад Каліноўскага «Люблю Беларусь»?! Які ён пасьля гэтага прафэсар? Гэта ж Караткевіч прыдумаў!

Аднак цьвярозая галава, якіх сярод спрэчнікаў няшмат, дакідае спасылачку: Парфіяновіч на допыце засьведчыў. Так што не абурайцеся.

Нехта крычыць: раз гэта Каліноўскі сказаў, дык нам што, назву памяняць нельга зараз? Між радкоў можна, лічы, прачытаць: ды хто ён такі, Каліноўскі? А хто такі сам камэнтатар, які схаваўся пад нейкім нікам? Зрабіў для Беларусі будучай столькі, колькі Каліноўскі? Можа паставіць сябе на адну дошку, побач?

Прафэсар Краўцэвіч распавядае, як фармаваліся ў гісторыі нашы суседзі — народы, і паўставалі краіны. І што ў нас было агульнага, а што адметнага. Разьвіваліся мы ў адным рэчышчы, але са сваімі асаблівасьцямі. Не сакрэт, нашай адметнасьцю стала наша слабасьць ў параўнаньнямі зь некаторымі больш моцнымі рухамі.

Перш за ўсё з палякамі, зразумела. У палякаў, тлумачыць Аляксандар Краўцэвіч, поўная грамадзкая структура ўдзельнічала ў адраджэньні. І гэта зразумела: пры апошнім каралі былі палякамі і шляхта, і мяшчане, і сьвятары. Ня дзіва, што пры Пілсудзкім — таксама. Што забясьпечыла посьпех.

Краўцэвіч зазначае, што многія іншыя нацыянальныя рухі былі пераважна сялянскімі. Прычына зразумелая: шляхту, напрыклад, анямечылі. У беларусаў шляхта была апалячанай альбо зрусыфікаванай. Ні для каго не сакрэт. Зразумела, што, тым ня менш, нацыянальны рух зачыналі людзі адукаваныя. І сярод іх, зразумела, прадстаўнікі шляхты. Але іх было да крыўды мала. Так, былі і ксяндзы, і бацюшкі. Але мала. Якраз Краўцэвіч па-навуковаму тлумачыць: нашай бядой было тое, што так і не разьвілася масавая стадыя нацыянальнага руху. Да сёньняшняга часу.

Нехта пачынае, аднак, абурана пералічваць прозьвішчы шляхціцаў, якія прычыніліся да беларушчыны. Так, гэта праўда, і нават Магдалена Радзівіл. Але, скажам, са ста Радзівілаў толькі адной беларуская ідэя падабалася. Прычым кволай жанчыне. Са ста шляхціцаў пяцьдзясят лічылі сябе палякамі, сорак — расейцамі, астатнія літоўцамі ці ўкраінцамі. І толькі адзін са ста — беларусам. Таму нельга сказаць, што шляхта была нашым трывалым падмуркам. Каб палова са ста працавала на беларускую ідэю, глядзіш, і БНР змагла б існаваць. Але мы ня можам вярнуцца назад і зьмяніць гэта.

Колькі ў арміі Ўрангеля было афіцэраў і генэралаў зь Беларусі ці зь беларускімі прозьвішчамі? А нашым, лічы, аказаўся толькі той Ермачэнка.

Што гаворыць гісторык? Што наш шлях да дзяржаўнасьці быў наступным — і распавядае на фактах. І раптам у адказ бура гневу. Што яны прапануюць? Перакрэсьліць гісторыю і ўцячы ў сярэдзіну ХІХ стагодзьдзя. Каб памяняць імя. Колькі гэта зойме часу? Нават з улікам паскарэньня бегу гадоў? Хто адкажа? Ды хай яшчэ ўлічаць, што калі туды і назад — у іх атрымаецца трыста гадоў. У два разы болей!

І што будзе зь Беларусьсю? Што за гэты час здарыцца зь ёю? Пакуль яны будуць зь літоўцамі загрудкі хапацца, каб адабраць назву? Напэўна ў палемічным запале, у эмоцыях, аб такіх празаічных рэчах ня думаюць. Галоўнае ўвязацца ў бойку, як лічаць некаторыя.

Ну дык я вам скажу, што будзе зь ёю. Альбо мы нейк утрымаемся на палубе. Назвы на каютах хутчэй застануцца на расейскай мове, але на коміне вялікімі літарамі па-ранейшаму будзе напісана «Беларусь». І магчыма, калі мы будзем трымацца, паявіцца карабельная газэтка на дзьвюх мовах. А можа капітан часам каманды будзе аддаваць па-беларуску. Ну, а калі не, то быць нам часткай рускага сьвету. І гэта літвінам, мабыць, вядома, проста ім хочацца адагнаць думку на пэрыфэрыю сьвядомасьці. Каб з асалодаю паспрачацца за Літву.

Што да мяне, дык мне звычайна ўспамінаецца стылізаваная рыцарская песьня сучаснага гурта, у якой ёсьць бадзёрыя словы «будзе вольнаю Літва!». Што ж, яна ёю і стала. Вось каб яшчэ і Беларусь такою зрабілася… Ці вам усё роўна? Раз назва «няправільная», дык гары яна гарам зусім?

І самы іранічны мне на астачу пляскае: дык жа назва карабля кепская, вось у чым соль! Таму й нікуды не плыве, спадары беларусы. Так, з караблём праблемы, не паспрачаесься, але ж ён у нас ёсьць, а ў вас толькі замкі паветраныя ў галаве. А за сьценамі літоўцы. Рагочуць. Не, не рагочуць? Ну дык душацца сьмехам конча.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG