Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьяўленьне ў інтэлектуальным клюбе Сьвятланы Алексіевіч парушальніцы грамадзкага спакою ў Літве Руты Ванагайце, аўтаркі кнігі «Нашы» пра ўдзел літоўцаў у Галакосьце, нарэшце спыніла расейскую манаполію гэтага клюбу і надало яму зьместавы сэнс. Гэта быў незвычайна востры і эмацыйны для беларускай публічнай прасторы выступ, хто ня бачыў — раю паглядзець.

Тэма ўдзелу мясцовага насельніцтва ў Галакосьце, якая ў Літве дзесяцігодзьдзямі заштурхоўвалася пад дыван і праз якіх пару дзесяцігодзьдзяў была б забытая, зноў (дакладней: упершыню) ўвайшла ў публічны дыскурс і паставіла некалькі важных, хоць і нязручных для літоўскага грамадзтва пытаньняў пра калектыўную маральную адказнасьць, пра рахункі гістарычнага сумленьня, пра нацыянальную самарэфлексію.

Кніга «Нашы» — не акадэмічная манаграфія. Некаторыя літоўскія гісторыкі адрэагавалі на яе выхад падрабязным пералікам хібаў і эмацыйных перабольшаньняў у «спробе мастацкага дасьледаваньня» Руты Ванагайце. Але хібы кнігі толькі ў дэталях, галоўны маральны, гуманістычны яе пасыл неаспрэчны. І што важна — тое, што кніга выйшла ў Літве, прыцягнула да сябе агульную ўвагу, зрабілася прадметам шырокіх дыскусіяў, сьведчыць аб тым, што літоўская нацыя дастаткова сьпелая, каб сабе такое дазволіць, каб разьвярэдзіць і залячыць старыя раны, асэнсаваць балючы досьвед для будучыні.

Выступ літоўскай дасьледніцы адбываўся ў Беларусі. Краіне, дзе жылі такія самыя габрэі, дзе ў вайну іх напаткаў такі самы лёс. Здавалася б, праблемы, якія ўзьняла Ванагайце, рэхам адгукнуцца і ў беларускім грамадзтве.

Беларусь - не Літва

Аднак падабенства зь літоўскай сытуацыяй у Беларусі будзе вельмі мала. І ня толькі таму, што працэнт загубленых габрэяў Беларусі ніжэйшы за адпаведны літоўскі (але ў абсалютных лічбах у Беларусі іх загінула ў чатыры разы болей). І не таму, што ўдзел беларусаў у забойствах, даносах, разьбіраньні габрэйскага майна, быў незраўнана меншы, што даказваў у клюбе Алексіевіч гісторык Аляксей Літвін.

Галоўнае адрозьненьне Літвы і Беларусі 1941-1944 — у адчуваньні сябе цэласьцю, «уяўнай супольнасьцю», па-просту кажучы — нацыяй.

Літве і літоўцам тут было ўсё ясна. Два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці замацавалі нацыянальную сьвядомасьць, якая і раней — нягледзячы на расейскі палітычны і польскі культурны ўціск, а можа й дзякуючы ім — была дастаткова выразна выяўлена і адчувалася нават далёкімі ад палітыкі і культуры людзьмі. Ці не галоўным фактарам была адрознасьць мовы.

А вось што разумелі і адчувалі ў слове «мы» жыхары Беларускай ССР у 1941 годзе, на момант пачатку нямецкай акупацыі?

Ва Ўсходняй Беларусі ўсе нацыятворчыя тэндэнцыі былі здушаны яшчэ ў пачатку 1920-х — зь зьнішчэньнем усіх некамуністычных партыяў і арганізацыяў, з расправай над рэшткамі паўстанцаў, з сымбалічным пахаваньнем БНР. У часы адноснай палітычнай і эканамічнай лібэралізацыі пэрыяду НЭПу ацалелы беларускі актыў — частка культурнай і навуковай эліты — яшчэ спрабаваў ствараць нешта «хоць савецкае, але беларускае». Гэтаму спрыяла і бальшавіцкая палітыка беларусізацыі (якая што да Беларусі была відавочнай стратэгічнай памылкай «маскоўскага генштабу» — лёзунгі камуністычнай прапаганды беларускія масы зразумелі б і па-расейску). Але ўсё гэта прывяло да таго, што да пачатку «Вялікага пералому» ўладам удалося выявіць усе небясьпечныя элемэнты і зьнішчыць іх дашчэнту.

Таму падчас вялікай хвалі рэпрэсіяў 1937-38 гадоў у Беларусі масава забівалі ўжо не нацыяналістаў, патэнцыйных актывістаў нацыястварэньня (бо такіх на той час ужо за рэдкімі выключэньнямі не засталося), а звычайных савецкіх людзей, ужо без разбору этнічных адрозьненьняў.

Ня дзіва, што падчас акупацыі, калі пачало быць ясна, куды хіліцца гісторыя, простыя менчукі часта ў размовах дзяліліся трывожнымі развагамі: «Што будзе з намі, калі прыйдуць нашы?» Ясна, што гэтае нашы ахапляла ўвесь савецкі народ.

Заходняя Беларусь за два гады не пасьпела саветызавацца настолькі, каб адчуваць сябе адным цэлым ня толькі з савецкім народам, але нават і з усходнімі беларусамі. Фактычна, мяжа паміж імі з строгай прапускной сыстэмай надалей разьдзяляла іх аж да пачатку нямецкай акупацыі. А мяжа ў сьвядомасьці заставалася яшчэ доўгія дзесяцігодзьдзі пасьля вайны. (Сямейны досьвед — мой бацька, усходнік, усё жыцьцё называў беларусаў з былой Заходняй Беларусі «палякамі» і ставіўся да іх зь вялікім недаверам.) У гэтым сэнсе «мы», «нашы» можа й маглі б мець для «заходнікаў» лякальнае значэньне, вузейшае за савецкі народ, але ці пры гэтым яны адчувалі б «нашымі» ўсходнікаў — застаецца пад пытаньнем.

(Безумоўна, у Беларусі заўсёды была нацыятворчая эліта, занадта слабая, каб ахапіць сваім уплывам усіх беларусаў, але дастаткова моцная, каб абвясьціць незалежнасьць Беларусі ў 1918 і 1991 гадох. Прадстаўнікам гэтай эліты з пытаньнем хто «мы» і што «наша» ўсё было збольшага ясна.)

Ці беларусы сасьпелі

Галакост у савецкія часы замоўчваўся. На месцы масавых забойстваў габрэяў ставілі помнікі проста «савецкім грамадзянам». Пасьля вайны савецкія ўлады масава зьнішчалі ўсю памяць пра тое, што на беларускай зямлі стагодзьдзямі жылі габрэі, пры гэтым часта сьпісваючы і гэтыя культурна-гістарычныя злачынствы на немцаў — бо хто ж яшчэ мог пазьнішчаць сінагогі і могілкі?

Пытаньне пра калектыўную маральную адказнасьць за зло, якое твой народ спрычыніў некаму іншаму, узьнікае толькі тады, калі нейкая супольнасьць сябе такім народам адчувае. Сёньня, на 26-м годзе незалежнасьці, беларусы ўжо напэўна пачынаюць адчуваць сябе нечым асобным, несавецкім, нерасейскім. Адчуваць гэтую асобнасьць цяпер, бадай, можна і рэтраспэкцыйна і лічыць усіх беларусаў часоў вайны «нашымі» без падзелу на савецкіх-несавецкіх, заходніх-усходніх.

І яшчэ — у 1991 годзе ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўзьнікла сытуацыя, калі слова «нацыянальнасьць» можна было ўжываць ужо не ў савецкім сэнсе («этнічнае паходжаньне»), а ў эўрапейскім, унівэрсальным («грамадзянства»). Таму беларусамі (не ў этнічным, а ў дзяржаўным, нацыянальным сэнсе) сёньня можна лічыць усіх грамадзянаў Беларусі. І калі пашыраць гэты падыход рэтраспэкцыйна на часы вайны — у «нашы» натуральна трапляюць і прадстаўнікі ўсіх нацыянальных меншасьцяў тагачаснай Беларусі.

Так пытаньне пра пакаяньне, прабачэньне, прымірэньне, вяртаньне памяці робіцца пытаньнем унутрыбеларускім. Пытаньнем сьпеласьці, сілы і пэрспэктывы новай беларускай нацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG