Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сярэдні заробак у Беларусі сёньня ня можа быць большы за 300-350 даляраў»


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Чарговы госць перадачы «Інтэрвію тыдня» — эканаміст, былы кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук. Ён тлумачыць, чаму сярэдні заробак за студзень па краіне ўпаў на 80 рублёў, разважае, як ён стаў міжвольным героем інтэрнэту пасьля вядомай прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, і адказвае на пытаньне, ці запрашаюць яго цяпер чыноўнікі ў свае рады і на паседжаньні. Зь Яраславам Раманчуком гутарыў Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: За студзень сярэдні заробак у краіне упаў на 80 рублёў і склаў 730 рублёў. Вядома, што тут эфэкт сьнежня (у гэтым месяцы заробак традыцыйна вышэйшы), але такое падзеньне выглядае надта вялікім. Што гэта азначае для эканомікі?

Раманчук: Гэта сьведчыць, што беларуская эканоміка страчвае канкурэнтаздольнасьць, інвэстыцыі, падае экспарт. Традыцыйныя крыніцы росту высыхаюць, а новыя, на жаль, пакуль не адкрыліся. Таму я толькі зьдзівіўся таму росту, які быў апошнія месяцы 2016 году.

Тое, што цяпер заробкі ўпалі — гэта толькі пачатак тэндэнцыі. Усе чыньнікі сьведчаць, што сярэдні заробак у Беларусі сёньня ня можа быць большы за 300-350 даляраў. На больш мы не напрацавалі, не стварылі тых інстытуцыяў, якія маглі б даваць заробкі хаця б на ўзроўні Польшчы, што правяла рынкавыя рэформы.

Цыганкоў: Статыстыка таксама паказвае, што даходы насельніцтва ўпалі летась на 7,3 працэнта. Урад заяўляе, што сёлета даходы будуць расьці. Ці вы верыце ў гэты прагноз?

У нас жыцьцё, а ў чыноўнікаў — пэрформанс, у якім яны працягваюць верыць у савецкія байкі, якую ім насьпявалі яшчэ тэарэтыкі марксізму-ленінізму.

Раманчук: Чыноўнікі, ад прэзыдэнта да іншых, часта кажуць, што вось-вось мы пачнём расьці. Але лічбы сьведчаць пра іншае. У нас жыцьцё, а ў чыноўнікаў — пэрформанс, у якім яны працягваюць верыць у савецкія байкі, якую ім насьпявалі яшчэ тэарэтыкі марксізму-ленінізму.

Лукашэнка ўжо неаднаразова казаў, што «калі вы ня зробіце, што паабяцалі», будзе вялікая разборка. Ужо сакавік, але эканамічныя вынікі 2016 году ніхто не падводзіў і ня будзе падводзіць. Хоць асноўныя паказчыкі праваленыя і праграму наступнай пяцігодкі фактычна ўжо таксама праваленая. Нам цягам 5 гадоў трэба будзе выплочваць шалёныя крэдыты — трэба «падзякаваць» тым людзям, якія іх бралі, і завялі нас у гэтую багну.

Цыганкоў: Апошнім часам актыўна ідзе дыскусія наконт эканамічных рэформаў. Адны кажуць, што рэформы ідуць, проста ня ўсе іх бачаць. Іншыя кажуць, што рэформаў няма, але яны хутка пойдуць, бо няма куды падзецца. У вас якая думка?

Раманчук: Калі казаць пра дзеяньні Нацыянальнага банку, то той склад, які мы маем, зьяўляецца найбольш прафэсійным за ўсю гісторыю краіны. Тое, што яны робяць, — гэта прагрэс, і тая праграма, якую яны прынялі на 3 гады — гэта лепшае, што ёсьць у краіне.

Што да прыватызацыі, то вялікія прэтэнзіі перш за ўсё да сутнасьці эканамічнай палітыкі і стаўленьню да маёмасьці. На Асамблеі дзелавых колаў выступаў намесьнік Дзяржкамітэту маёмасьці, і ў ягоным выступе не было ўвогуле слова «прыватызацыя». А безь яе будзе працягвацца цэнтралізацыя эканамічных рашэньняў і спроба палепшыць якасьць кіраваньня дзяржаўных актываў...

Цыганкоў: Але ж вы цяпер можаце сказаць пра ўсё гэта чыноўнікам, паколькі вас павінны былі ўключыць у адпаведную раду, і вы там можаце чыноўнікам распавядаць, як правільна праводзіць эканамічныя рашэньні. Ці вас не ўключылі?

Тое, што Лукашэнка казаў падчас гэтай «вялікай размовы» і што адбывалася потым — гэта вельмі розныя рэчы.

Раманчук: Тое, што Лукашэнка казаў падчас гэтай «вялікай размовы» і што адбывалася потым — гэта вельмі розныя рэчы. Вы ня блытайце рэкляму з рэальным жыцьцём. Ніхто мяне нікуды не запрашаў, мне толькі выслалі паперы для азнаямленьня з працай рабочай групы наконт пакараньняў і рэгуляцыяў бізнэсу. Проста даслалі як экспэрту, якога можна прыцягваць да працы, але не ў якасьці сябра гэтай групы.

Таму можам падсумаваць, што абяцаў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі і што зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Ён абяцаў удзел у Асамблеі дзелавых колаў — не прыняў. Там не ўзялі удзелу нават ані прэм’ер, ані віцэ-прэм’ер, ані Кіраўніцтва Адміністрацыі, якую таксама запрашалі.

Ды і ў групу мяне не запрасілі. Чыноўнікі вельмі баяцца таго, што сярод іх фармальна зьявіцца чалавек, які будзе выказваць іншы пункт гледжаньня на стан эканомікі і іхную працу. За апошнія тры гады ВУП зьнізіўся на 28 мільярдаў, альбо на 37 працэнтаў, маем шалёныя тэмпы падзеньня экспарту, інвэстыцыяў. Бюджэт у 2014 годзе быў 31 мільярд даляраў, 2016 год мы скончылі зь бюджэтам 19 мільярдаў даляраў. Гэты правал, безумоўна, зьяўляецца вынікам правядзеньня той цэнтралізаванай мадэлі, якая непрыдатная для рамонту.

Я прапаную рэформы, зусім іншы погляд на эканоміку. Але гэта ня толькі пытаньні эканомікі, але і бясьпекі дзяржавы. Бо сёньня мы бачым вялікую небясьпеку праз манапольную залежнасьць ад Расеі, і адзіны выхад — зрабіць канкурэнтаздольную эканоміку. І тады хай сюды прыходзіць і расейскі капітал, малы і сярэдні. А ня той, які працуе разам з Крамлём і «Газпромам».

Цыганкоў: Ёсьць і другі варыянт — пакрысе прадаваць сувэрэнітэт, чым гэтая беларуская ўлада гадамі і займаецца.

Я часта пытаюся ў расейскіх эканамістаў, ці вы можаце прапанаваць хоць адну пасьпяховую рэформу, якую вы правялі за апошнія 20 гадоў. Чухаюць патыліцу і кажуць: «Не, ня можам, лепш самі думайце».

Раманчук: Але што ідзе напрыканцы гэтага сцэнару? Паглынаньне і беднасьць. Расея ня тая краіна, якую можна браць у якасьці прыкладу рэформаў. Я часта пытаюся ў расейскіх эканамістаў, ці вы можаце прапанаваць хоць адну пасьпяховую рэформу, якую вы правялі за апошнія 20 гадоў. Чухаюць патыліцу і кажуць: «Не, ня можам, лепш самі думайце».

Лукашэнка павінен стварыць такія ўмовы для прыватнага бізнэсу, каб гэта зацікавіла суседзяў і інвэстараў. Сёньня ў Беларусі новую эканоміку трэба будаваць па прынцыпах «6 Д». Дэцэнтралізацыя, дэбюракратызацыя, дывэрсыфікацыя, дэрэгуляваньне. Дэкрыміналізацыя і інстытуцыі даверу.

Цыганкоў: Давайце ўсё ж вернемся да той сустрэчы з Лукашэнкам. Вы там міжволі дзякуючы рэплікам кіраўніка дзяржавы стаць ці не галоўным героем той падзеі, а пасьля яе — героем СМІ і сацыяльных сетак. Многія людзі выказваліся ў сацыяльных сетках, што вы паводзілі сябе ня самым самавітым чынам — надта радасна рэагавалі на рэплікі Лукашэнкі, якія можна было ўспрымаць мінімум як іранічныя ў ваш бок.

Раманчук: Такі фармат быў для мяне вельмі нечаканым і не зусім падыходзіў для канструктыўнага дыялёгу. Я думаў, можа, удасца задаць хіба адно пытаньне. Сядзець насупіўшыся, глядзець у падлогу?.. Ведаеце, я чалавек увогуле аптымістычны. Добры выхаваны чалавек ня будзе там нейкія грымасы строіць, тым больш не было для гэтага ніякіх падстаў.

Паводзіў як паводзіў. Задаваў тыя пытаньні, якія і хацеў задаць, нават больш. Той парадак дня, якія мы агучваем як рэфарматары і прыхільнікі вольнага рынку прыватнай уласнасьці, былі агучаны. Цяпер я атрымліваю лісты ад Міністэрства фінансаў, Белстату, Міністэрства эканомікі...

Цыганкоў: Але ж вы самі сказалі ў пачатку размовы, што кіраўніцтва не выканала тое, што абяцала на прэсавай канфэрэнцыі.

І калі яны не пагодзяцца на рэформы, і пазьней давядзецца праводзіць яшчэ больш жорсткую палітыку, каб захаваць інстытуты незалежнай краіны.

Раманчук: Слухайце, але ж гэта не да мяне пытаньне. Гэта ж не я даваў абяцанкі. Пытаньне да кіраўніка краіны і тых людзей, якія выконваюць ягоныя загады. Я працую незалежна ад таго, што ён там абяцаў, гэта не ўплывае на зьмест маіх артыкулаў і твораў. Я ж не зьбіраюся званіць у Адміністрацыю і прасіць: «Запрасіце мяне». Не. Пачакаем. Час працуе супраць уладаў і гэтага курсу. І калі яны не пагодзяцца на рэформы, і пазьней давядзецца праводзіць яшчэ больш жорсткую палітыку, каб захаваць інстытуты незалежнай краіны.

Цыганкоў: Тая сустрэча з Лукашэнкам мела на мэце паказаць, што ўлада нібыта гатовая ісьці на дыялёг з грамадзтвам. Ці цяпер у вас ёсьць уражаньне, што ўлады гатовыя да размоў, ці гэта была аднаразовая акцыя дзеля прапаганды?

Раманчук: Дэклярацыі пра дыялёг выліліся ў імітацыю. Чыноўнікі на сваёй хвалі, у іх свая мова, якая вельмі кепска разумецца звычайным чалавекам. Трэба проста пачакаць. Тыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў эканоміцы, ці нават паміж рознымі структурамі ўлады, — сьведчаць пра тое, што попыт на рэформы будзе расьці.

І адзін з вынікаў майго ўдзелу ў той прэсавай канфэрэнцыі ёсьць у тым, што колькасьць людзей у органах кіраваньня ў рэгіёнах — прыхільнікаў рэформаў павялічваецца. Рост капіталу ідэі лібэральных рэформаў — гэта добрае наступства таго, што адбываецца апошнія месяцы. А маё запрашэньне ці не ў нейкую раду — гэта такая дробязь, на якую б я ўвогуле не зьвяртаў увагі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG