Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На здымках 1941-га, пасьля бамбёжак люфтвафэ, Менск выглядае пашкоджаным, але ня зьнішчаным. Пасьля вызваленьня ў 1944-м гэта суцэльная руіна, жывога месца не засталося. Ніколі не задумваліся: чаму?

Тая ж прыблізна гісторыя здарылася і з Горадняй. А што вы хочаце: горад жа нямецкім быў, яны яго наогул да Ўсходняй сваёй Прусіі далучылі. Так што давялося авіяцыі папрасаваць.

А што не зрабіла авіяцыя, мэтадычна руйнавала, дом за домам, родная савецкая ўлада. Канечне, ня ўсё запар. І не забывалася прычытаць час-часам: які красівы горад, якая красата, пад старыну. Ну й маем што маем. На сёньняшні дзень. Падтынкаваны, падфарбаваны, а-ля аграгарадок, як любяць казаць некаторыя.

Ну й навіна апошніх дзён: пачалі прыбіваць да сьцен з савецкімі назвамі шыльдачку: указана, як вуліца называлася ў мінулыя, ідэалягічна хісткія часы. Дасягненьне! Колькі было высілкаў змарнавана, колькі гадоў! Сапраўднымі аматарамі гораду, якія хадзілі па кабінэтах з прапановай. О-о, чаго захацелі! У гэтай краіне так проста нішто ня робіцца! Не забягайце наперад паравозу, хлопцы.

І сьціпла ад сябе: я таксама колькі разоў пісаў аб гэтай невырашальнай справе. Яны прыводзяць тургрупы да камяніцы, на якой напісана, што магнацкі палац ХVІІ стагодзьдзя з шыльдай «вуліца Савецкая». І ў галаве начальства забурэньня не ўзьнікала. Ну, ясна, прыехалі Пацы да Сангушкаў на Савецкую і запрасілі наступным разам да сябе на Карла Маркса. Што, памыляюся? Ну, вось падказваюць, што — на Сацыялістычную. Выбачайце, сябры.

Столькі гадоў і хоць шампанскае адкаркоўвай — вісяць бляшаныя шыльдачкі. На паасобных дамах. Я не рамесьнік, але тавар выглядае на капеечны. Даўно б маглі даручыць якому дзядзьку з ЖЭСу. І плаціць ня трэба: чалавек жа на працы. Не, упіраліся. Зрэшты, на словах не адмаўлялі. Але круцілі вала за хвост бясконца. А тавар жа зусім недарагі, субсыдый ня трэба было, бюджэтных асыгнаваньняў. А выходзіць, пакуль адмашкі на турыстычныя натоўпы зьверху не было, начальства не давала сябе ўгаварыць.

Гісторыкі, краязнаўцы, ім цяжка. Яны за аргумэнты хапаюцца, прыклады прыводзяць: як у Варшаве на «старувцы» робіцца ў палякаў. А начальства далей Карла Маркса-38, напэўна, не бывала. Для яго ваша «старувка» — абстракцыя.

Даволі прыемна, здавалася б, жыць у Горадні ў старым горадзе. Аднак гэта ілюзія. Начальства любіць рэгулярна павесіць над турыстычнай вуліцай пешаходнай сваю расьцяжку: чарговы «юбілей» Ленінскага раёну.

Турыстаў заваблівалі «каралеўскім горадам», а трапілі ў Ленінскі раён. Для іх яшчэ і талерак нарабілі на сьценку: Каложа, замкі, катэдра, псэўдарускі сабор і надпіс — Ленінскаму раёну столькі гадоў. Хочацца лемантаваць: таварышы, ваш раён зь якога часу? З 1978-га. А горад? Вы ж самі павесілі на ўезьдзе дату — 1128. Дык што важней? У тым ліку і для турыстычнай «навалы»?

Але начальства не разумее. Пакуль адмашкі ня будзе. Таму што яно прывыкла па-ленінску. Гэта для іх жыцьцё. А ўсе гэтыя Гарадзенскія Давыды ці Баторыі Стэфаны — балаўство, штучкі-дручкі.

Чыноўнік, ён прывык быць на варце: нічога не мяняць! Успамінаю першы досьвед з вулічнымі шыльдачкамі. Адзін прадпрымальнік прапанаваў павесіць на старых вуліцах, на старых дамах — адрозныя. Як у некаторых замежных гарадах. Некалькі гадоў змагаўся. Начальства калькулявала ў галаве: мы ж павесілі свае некалі — здаровыя, каб без акуляраў прачытаць можна было, што — зноў выдаткі? Трэба яму адказаць, каб ня груба, але каб не назаляў.

А ён усё хадзіў да іх. З новай прапановай. Сам аплачу, кажа, толькі дазвольце. Ну што зробіш, хварэў чалавек за Горадню. Начальства задумалася. Гэта ж выходзіць, ён навязвае. Гэта выходзіць на паваду ісьці. Па тыпу: плаціць і заказвае музыку. У сэнсе — шыльдачкі на дамах. А што скажуць наверсе?

Змаганьне працягвалася некалькі гадоў… Шыльдачкі даўно вісяць. Яны больш адпавядаюць камяніцам, чым звычайныя, якія на хрушчоўках. А раней былі на ўсіх будынках аднолькавыя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG