Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп упершыню на пасадзе прэзыдэнта выступіў перад Кангрэсам


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў перад кангрэсмэнамі і сэнатарамі на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Кангрэса ЗША.

Гэта была праграмная прамова, у якой прэзыдэнт Трамп акрэсьліў задачы свайго прэзыдэнцтва і заклікаў амэрыканцаў да адзінства.

Адной з асноўных стала тэма праблем, якія мае сярэдні кляс у сувязі з глябалізацыяй і скарачэньнем вытворчасьці ў краіне. Як і раней, прэзыдэнт паабяцаў паставіць на першае месца інтарэсы амэрыканцаў. Ён абвясьціў аб намеры прыняць спэцыяльны закон, які прадугледжвае маштабнае фінансаваньне будаўніцтва абʼектаў інфраструктуры. Прэзыдэнт паабяцаў усталяваць больш справядлівыя адносіны з замежнымі гандлёвымі партнэрамі.

Прэзыдэнт Трамп прапанаваў радыкальна перабудаваць сыстэму іміграцыі ў Злучаныя Штаты, прапанаваўшы прытрымлівацца прыкладу іншых заходніх краін і ў будучыні дапускаць у краіну імігрантаў, якія валодаюць прафэсійнымі навыкамі і здольныя забясьпечыць сябе і сваю сямʼю. Ён таксама заявіў аб неабходнасьці адклікаць і замяніць закон аб даступным мэдыцынскім забесьпячэньні, так званы закон Абамы, законам, дзякуючы якому будзе зьніжаны кошт страхаваньня і тым самым яно будзе даступнае кожнаму.

Дональд Трамп надаў параўнальна мала месца ў сваёй прамове міжнародным адносінам. Ён падкрэсьліў, што ЗША маюць намер умацаваць сваё лідэрства ў сьвеце, заснаванае на агульных інтарэсах заходняй супольнасьці. Ён вылучыў важнасьць саюза НАТО ў падтрымцы бясьпекі, але зноў заклікаў саюзьнікаў ўносіць больш адчувальны ўнёсак у забесьпячэньне міжнароднай бясьпекі, у тым ліку, фінансуючы НАТО. Прэзыдэнт паабяцаў сьцерці з твару Зямлі тэрарыстычную групоўку Ісламская дзяржава. У сваёй прамове ён не згадаў Расею, Сірыю або Ірак.

Пасьля выступу перад абедзьвюма палатамі Кангрэсу магчымая паездка Трампа па краіне, паведамілі некаторыя СМІ. На працягу тыдня кіраўнік Белага дома, будзе тлумачыць жыхарам розных штатаў свае пляны. Аднак графік такой паездкі пакуль не апублікаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG