Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларуска-расейскі чорны сьпіс уключана больш за 1,7 млн чалавек, — Шуневіч


У базу дадзеных замежных грамадзян, непажаданых для знаходжаньня на тэрыторыі Расеі ці Беларусі, унесена 1,7 млн чалавек, у тым ліку 350 тысяч грамадзян Украіны.

Пра гэта паведаміў міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч на прэс-канфэрэнцыі 28 лютага ў Менску.

Паводле міністра, больш за 1 мільён 500 тысяч чалавек унесеныя ў гэты сьпіс Расеяй.

«Зыходзячы з падпісанага бакамі пагадненьня, мы абавязаныя такіх асоб выяўляць на сваёй тэрыторыі і прымаць меры для таго, каб яны ў хуткім часе яе пакінулі, калі яны зьяўляюцца тут», — цытуе Інтэрфакс Шуневіча.

Ён таксама расказаў, што пасьля ўвядзеньня бязьвізавага парадку ўезду ў Беларусь для грамадзян 80 дзяржаў МУС зафіксавала пяць правапарушэньняў з боку замежных грамадзян. Маецца на ўвазе парушэньне тэрмінаў знаходжаньня, а некаторыя ехалі ў Расею празь Беларусь з расейскай візай.

Бязьвізавы рэжым уезду ў Беларусь пачаў дзейнічаць 12 лютага гэтага году. Прэзыдэнцкі ўказ дазваляе бязьвізавы ўезд у краіну на тэрмін ня больш за пяць сутак праз нацыянальны аэрапорт Менск для грамадзян 80 дзяржаў. Такі рэжым распаўсюджваецца на 39 краін Эўропы, у тым ліку ўвесь Эўразьвяз, а таксама Бразылію, Інданэзію, ЗША, Японію і іншыя краіны.

Па дадзеных на 21 лютага, правам бязьвізавага ўезду ў Беларусь скарысталіся 1333 асобы. Гэта грамадзяне 46 краін — найбольш немцы, палякі і італьянцы.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG