Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС назвала «несправядлівым» працяг санкцыяў адносна 4 беларускіх чыноўнікаў


Прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык

Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык заявіў, што падаўжэньне Эўразьвязам абмежаваньняў у дачыненьні да беларускай дзяржавы не адпавядае «духу разьвіцьця супрацоўніцтва» паміж Менскам і Брусэлем.

«Мы адпачатку зыходзім з таго, што санкцыі несправядлівыя і контрапрадуктыўныя. Падаўжэньне пакінутых абмежаваньняў у дачыненьні да нашай краіны ў выглядзе зброевага эмбарга і санкцыяў супраць чатырох фізычных асоб на чарговы год не адпавядае духу разьвіцьця супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Эўрапейскім Зьвязам», — сказана ў камэнтары, які разьмешчаны на сайце беларускага МЗС.

Паводле Мірончыка, «зброевая забарона працягвае распаўсюджвацца на тавары, якія ня маюць ніякага дачыненьня да заяўленых ЭЗ мэтаў».

Прэс-сакратар МЗС дадаў, што Беларусь разьлічвае на поўную адмену ўсіх абмежаваньняў.

Сёньня Рада Эўропы працягнула на год санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. У ліку санкцыяў — эмбарга на пастаўкі зброі і забарона на ўезд чатыром асобам, пра якіх сказана, што яны маюць дачыненьне да зьнікненьняў людзей у 1999–2000 гадах.

Уезд, як і годам раней, забаронены Ўладзімеру Навумаву, Дзьмітрыю Паўлічэнку, Юрыю Сівакову і Віктару Шэйману. Іх у Эўразьвязе падазраюць у датычнасьці да таго, што ў траўні 1999 году зьнік былы міністар унутраных спраў генэрал Юры Захаранка, у верасьні таго ж 99-га — віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі, у ліпені 2000 году — тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі. Злачынствы дагэтуль не раскрытыя.

З эмбарга на зброю зроблена выключэньне: можна пастаўляць абсталяваньне для біятлёну — пры ўмове, што ў кожным асобным выпадку нацыянальныя кампэтэнтныя органы дадуць папярэдні дазвол.

XS
SM
MD
LG