Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзвычайны сход у Курапатах (Жывая трансьляцыя)


Пратэстоўцы склікаюць агульнагарадзкі сход пасьля таго, як камісія па грамадзкім абмеркаваньні ў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску вырашыла, што будаўніцтва ў Курапатах вядзецца не ў ахоўнай зоне.

Каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты», дзе былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» вядзе будаўніцтва офіснага цэнтру.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў безвынікова вялі суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве навукова-мэтадычную раду аховы гісторыка-культурнай спадчыны і быў адказны за ахоўныя зоны Курапатаў.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

XS
SM
MD
LG