Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах частку будаўнічай тэхнікі вывелі пад аплядысмэнты абаронцаў


«Вывад будаўнічай тэхнікі — гэта маленькая перамога!» — заяўляюць абаронцы Курапатаў, якія восьмы дзень працягваюць свой пратэст супраць будаўніцтва офіснага цэнтру ля ахоўнай зоны мэмарыялу ахвярам сталінізму.

Пад раніцу ў намётавым мястэчку на поўначы Менску сабраліся каля пяці дзясяткаў неабыякавых. Раней Зьміцер Дашкевіч заклікаў людзей прыходзіць а 8-й гадзіне ранку, бо гэта «самы крытычны час» і падтрымка неабходная абаронцам менавіта тады, калі будаўнікі звычайна распачынаюць работы на пляцоўцы.

Сам Дашкевіч начаваў у вайсковым намёце.

Раніцай актывісты ўсталі ў ланцуг на выхадзе з пляцоўкі. Празь дзьверы з-за плоту выйшлі двое рабочых, іх сустрэлі аплядысмэнтамі, думаючы, што тыя пакідаюць будоўлю са сваімі рэчамі. Аднак, як высьветлілася пасьля перамоваў Дашкевіча, Севярынца і галоўнага прараба, работы будуць зноў прыпыненыя на 1 дзень, але ня спыненыя цалкам. Абаронцы праніклі на будаўнічую пляцоўку і зрабілі «пераможнае» калектыўнае фота на фоне бульдозэру. Да Дашкевіча падышоў адзін з будаўнікоў і папярэдзіў, «каб паводзілі сябе спакойна». А 10-й гадзіне тэхніку з будпляцоўкі пачалі вывозіць. Прысутныя аплядавалі і скандавалі «Жыве Беларусь!».

Абарона Курапатаў. Раніца 27 лютага (фотагалерэя):

Ужо традыцыйна ў лягер падвезьлі боршч, блінцы, каву: за тыдзень тут наладзіўся побыт. Абаронцы сабраліся ля дзьвюх бочак з агнём, гутараць пра актуальныя падзеі. Журналіст, актывіст Зьміцер Галко прыехаў у Менск з Марыюпалю і далучыўся да абароны Курапатаў. — Я зразумеў, што пачынаецца «дзьвіжуха», пратэсты трываюць даўжэй, чым раней, не адбываецца разгону. Для мяне Курапаты — гэта вельмі сур’ёзна, гэта апошні рэдут нацыянальнага руху. Тут праходзіць лінія пакуль што мірнага фронту. Тут мы адстойваем сваю Беларусь, а не «Белоруссию» чыноўнікаў у форме НКУС, — сказаў Галко. Каб падняць настрой у халодную раніцу, абаронцы сьпяваюць беларускія народныя песьні пад рытмічны акампанэмэнт там-тама.

Сёньня а 13:00 у сядзібе БНФ адбудзецца пасяджэньне аргкамітэту абароны Курапатаў. Дашкевіч заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да «мабілізацыі» заўтра а восьмай раніцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG