Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Грузіі вырасьціў бульбу ад Лукашэнкі, але дробную


Прэзыдэнт Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі у перадачы «Буйным плянам»

У перадачы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь-1» прэзыдэнт Грузіі Гіёргі Маргвэлашвілі казаў пра паляпшэньне палітычных і эканамічных стасункаў зь Беларусьсю, прыгадваў асабістую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам падчас візыту ў Грузію ў 2015 годзе, казаў пра патрэбу ў росьце таваразвароту зь Беларусьсю.

Таксама Маргвэлашвілі расказаў, што, як і Лукашэнка, жыве за горадам.

«Вось Аляксандар Рыгоравіч падарыў мне бульбу, якую я пасеяў, беларускую бульбу, — распавядае Маргвэлашвілі. — Я вырасьціў, але не такую добрую. Я потым бачыў ягонае фота на Фэйсбуку. У яго во такія вялікія мяхі, і бульба вялікая такая. У мяне так добра ня выйшла».

Верагодна, Маргвэлашвілі бачыў фота не на асабістай старонцы Аляксандра Лукашэнкі на Facebook (пра існаваньне такой невядома), а на старонцы адной зь дзяржаўных структураў або дзяржаўных СМІ.

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка зьбірае ўраджай бульбы ў сваёй рэзыдэнцыі ў Драздах. 16 жніўня 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка зьбірае ўраджай бульбы ў сваёй рэзыдэнцыі ў Драздах. 16 жніўня 2015 году

Для прэзыдэнта ў Беларусі прадугледжана паўтара дзясятка рэзыдэнцыяў, у тым ліку: будынак адміністрацыі прэзыдэнта ў цэнтры Менску; вялікая рэзыдэнцыя ў лесе каля сталічнага раёну «Дразды»; комплекс на беразе «Менскага мора»; рэзыдэнцыя ў Віскулях, дзе быў юрыдычна зацьверджаны распад СССР; дом у Александрыі, дзе нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка. Над некаторымі рэзыдэнцыямі забароненыя палёты бесьпілётнікаў.

Палац незалежнасьці ў Менску
Палац незалежнасьці ў Менску

Як сьцьвярджае Лукашэнка, вялікі Палац Незалежнасьці не выкарыстоўваецца як рэзыдэнцыя: там праводзяцца прыёмы высокіх гасьцей, каб «паказаць, што мы не ў лапцях». Сам ён жыве ўжо 10 гадоў за 30 км ад Менску. Гаворка пра рэзыдэнцыю «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку, дзе Лукашэнка касіў траву з Дэпардзьё і частаваў Сыгала морквай і кавунамі.

XS
SM
MD
LG