Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чаго пачынаўся Майдан


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

У лістападзе 2013 году урад Украіны прыпыніў падрыхтоўку да заключэньня дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Некалькі соцень чалавек, незадаволеныя гэтым, увечары 21 лістапада сабраліся на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. І хоць 24 лістапада ва ўкраінскай сталіцы адбылося шэсьце і мітынг апазыцыі, у якіх бралі ўдзел блізу 100 тысяч чалавек, потым пратэсты сталі спадаць. Актывісты паставілі намётавы лягер.

Літаральна праз тыдзень ўночы спэцпадразьдзяленьне «Беркут» разагнала прыхільнікаў эўраінтэграцыі, жорстка зьбіўшы шмат каго зь іх. Пратэстоўцаў тады было каля тысячы чалавек — у асноўным моладзь.

На зьмену тысячы чалавек прыйшлі 15 тысяч.

Разгон намётавага мястэчка і ўжываньне гвалту прывялі да радыкальных зьменаў ва ўсёй палітычнай сытуацыі. Абураныя ўкраінцы зноў вышлі на Майдан. На зьмену тысячы чалавек прыйшлі 15 тысяч. І сам Майдан паступова перарос зь мірных сходаў да сілавых сутыкненьняў зь «Беркутам» і спробаў штурмаваць адміністрацыйныя будынкі.

Украінцаў вывела на вуліцы масавае суперажываньне ахвярам «беркутаўскага» гвалту. Украінцы ня праглынулі тое, што мы праглынулі ў 2006, у 2010 і спрабуем праглынуць цяпер.

Заступацца за сваіх. Выходзіць грамадою, калі б’юць невінаватых.

Эмацыйны аргумэнт непрыняцьця несправядлівасьці быў мацнейшы за «адмову Януковіча ад эўраінтэграцыі». Заступацца за сваіх. Выходзіць грамадою, калі б’юць невінаватых. Гэта тое, што захапіла мяне і засмуціла, бо мы на гэта не былі здатныя.

Сёньня ўночы невядомыя (мяркую, што ўсё рабілася са згоды спэцслужбаў) зьбілі абаронцаў Курапатаў. Зьбілі подла, прыкладна а 4-й гадзіне раніцы, палкамі з наточанымі канцамі. Яны спрабавалі выдаць сябе за футбольных фанатаў ці нацболаў. Але мы ведаем, што нам паказалі тэатральную пастаноўку. І перад намі стаіць пытаньне: Няўжо мы праглынем і гэта?

Няўжо мы праглынем і гэта?

Альбо нарэшце падавімся такой колькасьцю нахабства і непавагі да сваіх? І прыйдзем сёньня а 18-й гадзіне на мітынг на вуліцы Мірашнічэнкі, 49, каля Курапатаў.

Падыдзем да хлопцаў, падтрымаем іх і скажам: Мы тут. Што рабіць? Што далей?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG