Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочнік Манафорта распавёў пра плян вяртаньня Януковіча ва Ўкраіну


Ва Ўкраіне Віктара Януковіча абвінавачваюць у парушэньні Канстытуцыі і дзяржаўнай здрадзе

Канстанцін Кілімнік, памочнік былога кіраўніка перадвыбарчага штабу Дональда Трампа Пола Манафорта, распрацаваў плян вяртаньня Віктара Януковіча з Расеі ва Ўкраіну.

Дакумэнт пад назвай «Марыюпальскі плян» прадугледжвае вяртаньне Януковіча ў якасьці «рэгіянальнага лідэра Данецкай і Луганскай абласьцей» Украіны, з магчымым прыцягненьнем «цяперашніх лідэраў сэпаратыстаў».

22 лютага ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ў Кіеве Крыстафэрам Мілерам Кілімнік таксама распавёў, што ў 2016 годзе, падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША, ён «інфармаваў Манафорта пра сытуацыю ва Ўкраіне кожныя некалькі месяцаў». Паводле словаў Кілімніка, апошні раз ён размаўляў з Манафортам «некалькі тыдняў назад». Канстанцін Кілімнік сьцьвярджае, што Манафорт «ня быў зьвязаны» з распрацоўкай «Марыюпальскага пляну». Пры гэтым ён дапусьціў, што Манафорт можа вярнуцца ва Ўкраіну, дзе ён апошні раз быў у 2015 годзе, у выпадку «зьяўленьня сур’ёзнага праекту, які мог бы прынесьці мір у гэтую краіну».

З 2005 году Пол Манафорт працаваў ва Ўкраіне кансультантам алігарха Рыната Ахметава, а пасьля паліттэхнолягам ў перадвыбарным штабе Віктара Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах 2009 году. У гэты ж пэрыяд Кілімнік быў перакладчыкам Манафорта, а пасьля стаў адным зь яго найбліжэйшых памочнікаў, фактычна узначаліўшы кіеўскі офіс паліттэхноляга. Як паведамляла выданьне Financial Times, Манафорт ўзяў Кілімніка ў сваю каманду з прычыны бліскучага веданьня ангельскай мовы. Кілімнік, паводле дадзеных Finacial Times, yарадзіўся ў 1970 годзе і ў ліку іншага прайшоў навучаньне ў маскоўскім Інстытуце вайсковых перакладнікаў, які ў савецкія часы курыравалі КДБ і ГРУ. У інтэрвію Радыё Свабода Кілімнік адхіліў якую-небудзь сувязь з расейскай разьведкай або іншымі спэцслужбамі.

Пол Манафорт сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка выбарчага штабу Дональда Трампа 19 жніўня летась. Чатырма днямі раней кіраўнік Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны Арцём Сытнік заявіў, што ведамства валодае сьпісамі людзей, якія атрымлівалі грошы з касы ўкраінскай «Партыі Рэгіёнаў» з 2007 па 2012 год. У іх ліку, паводле словаў Сытніка, быў і Манафорт, які атрымаў ад партыі Януковіча ў выглядзе «канфідэнцыйных выплат наяўнымі» амаль 13 мільёнаў даляраў. Сам 67-гадовы паліттэхноляг і лабіст, які пачынаў сваю кар’еру ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, адмаўляе гэта.

Амэрыканскія СМІ сьцьвярджаюць, што Манафорт — адзін з трох былых супрацоўнікаў штабу цяперашняга, прэзыдэнта ЗША, магчымыя сувязі якіх з Расеяй расьсьледуе ФБР. Сам Манафорт адмаўляе любыя сувязі з Расеяй. У адміністрацыі Дональда Трампа ён не атрымаў ніякай пасады.

20 лютага газэта The New York Times паведаміла пра іншы плян мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, які нібыта перадаў у адміністрацыю Трампа дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны ад Радыкальнай партыі Андрэй Арцёменка. Гэты плян, у прыватнасьці, прадугледжвае «правядзеньне рэфэрэндуму аб перадачы Крыму ў арэнду Расеі на тэрмін ад 50 да 100 гадоў, зьняцьце санкцый з Масквы і вывад расейскіх войскаў з Данбасу». Арцёменка не адмаўляе наяўнасьць такога пляну, але кажа, што не кантактаваў з прадстаўнікамі амэрыканскага прэзыдэнта. Украінскія ўлады назвалі яго ініцыятыву «антыканстытуцыйнай», а парлямэнцкая фракцыя Радыкальнай партыі прыняла рашэньне выключыць Арцёменку са свайго складу.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG