Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 лютага, калі для большасьці ня мае значэньня ні гістарычная дакладнасьць, ні элемэнтарная лёгіка, з году ў год аказваецца сьвятам мужчын-абаронцаў, якія абараняюць, безумоўна, жанчын.

Віншаваньні хлопчыкаў у дзіцячых садках і школах прапаную лічыць проста формай масавага псыхозу і ня буду спэцыяльна на гэтым засяроджвацца. А вось з патасам дарослых мужчын, якія ганарліва называюць сябе абаронцамі, усё цікавей.

Давайце ўявім, што ўсе жанчыны — слабыя і няўмелыя, а ўсе мужчыны — моцныя і сьмелыя. У гэтай карціне сьвету асобна ўзятая жанчына ніколі ня ў стане самастойна абараніцца ад небяспекі, і ёй для гэтага патрэбны Ён.

Ад каго ў гэтым сьвеце мужчыны абараняюць жанчын? Ад паўстаньня машын?

Маю толькі адно пытаньне: ад каго ў гэтым сьвеце мужчыны абараняюць жанчын? Адна для адной жанчыны ж абсалютна бясьпечныя (бо слабыя і няўмелыя, як памятаем). Ад прыродных катаклізмаў? Іншаплянетных захопнікаў? Паўстаньня машын? Рэвалюцыі хатніх жывёлаў? Ці проста ад іншых мужчын?

Як казаў кот Матроскін, для таго, каб нешта прадаць, трэба спачатку нешта набыць. Схема «абароны жанчын» дакладна такая ж: каб былі абаронцы, патрэбныя нападнікі. То бок, каб у добрага Сашы была нагода праявіць сваю сьмеласць, яму жыцьцёва неабходны кепскі Вова. А калі рэальных нападнікаў няма, то іх можна прыдумаць. І сваю прагу да ўлады і кантролю выдаваць за клопат і абарону.

Каб у добрага Сашы была нагода праявіць сваю сьмеласць, яму жыцьцёва неабходны кепскі Вова.

Адзін мой знаёмы кажа, што ягоная дачка заўжды будзе начаваць дома, пакуль ня выйдзе замуж. А пасьля яе замужжа гэта ўжо не ягоная зона адказнасьці. У ягоных разважаньнях на гэтую тэму няма ніводнага намёку на шчыры клопат пра дачку, — толькі ўлада і татальны кантроль. Яго сёньня таксама павіншуюць са сьвятам, назавуць абаронцам. А калі ён прыйдзе з працы і жонка асьмеліцца папрасіць дапамагчы на кухні, ён адкажа, што раптам вайна, а ён стомлены. І яна накрые на стол, налье ў кілішак каньяку і скажа тост у ягоны гонар — заступніка і абаронцы.

Па вялікім рахунку, мяне радуе, што мілітарысцкі зьмест сёньняшняга сьвята ня проста адыходзіць на другі плян, а часта цалкам прыбіраецца. Але тое, чым замяняецца ў ім тэма вайны — чарговая прыніжальная для жанчын брыдота і ўзмацненьне герархіі. У ёй мы зноўку аказваемся на другасных ролях, нібыта слабыя і ня здольныя на сапраўды важныя ўчынкі. Адсюль і той самы масавы псыхоз, калі трохгадовым хлопчыкам у дзіцячым садку кажуць, што яны будучыя абаронцы, і што 23 лютага — іх сьвята. І вось яны стаяць у шэрагу, падціраюць соплі і ўяўляюць, як будуць адзін ад аднаго абараняць дзяўчатак. Я б нават сказала, што вельмі чакаюць, калі ўжо выдасца магчымасьць кагосьці абараніць.

Распачынаюць бойкі, бо ім не спадабалася, як нехта зьвярнуўся да нейкай жанчыны.

Калі гэтыя хлопчыкі вырастаюць, яны працягваюць шукаць магчымасьці кагосьці абараніць. Распачынаюць бойкі, бо ім не спадабалася, як нехта зьвярнуўся да нейкай жанчыны (меркаваньне жанчыны у разьлік не бярэцца прынцыпова). Трапляюць у лякарні і «на суткі», прыносячы толькі дадатковыя турботы родным і досыць часта менавіта тым жанчынам, якіх «абаранялі».

Калі ласка, хопіць псэўдагераізму. Калі вам так хочацца біць ці забіваць, знайдзіце сабе ў кампанію такіх жа ахвочых і насалоджвайцеся «мужчынскім сьветам». Толькі называйце рэчы сваімі імёнамі і не прыкрывайце ўласную агрэсію нібыта клопатам пра іншых.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG