Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску напісалі «юбілейную» дыктоўку ў абласной бібліятэцы


Імпрэза, традыцыйна прысьвечаная Дню роднай мовы, які адзначаўся ўчора, прайшла ў абласным цэнтры ўжо дзясяты раз. Але ўпершыню яе зладзілі ў абласной бібліятэцы.

У запрашэньнях было абвешчана, што наведнікаў бібліятэкі чакае «Сьвята роднай мовы». Прысутным прапанавалі паслухаць трох мясцовых літаратараў з уласнымі творамі і трох студэнтак, якія прачыталі вершы клясыкаў беларускай літаратуры. Напрыканцы дзьве песьні прасьпяваў дуэт у складзе Аліны Таргунакавай і Генадзя Емяльянава — вядомых у горадзе выканаўцаў.

Верш чытае паэтка Людміла Сіманёнак
Верш чытае паэтка Людміла Сіманёнак

Кульмінацыяй сустрэчы стала ўсё ж такі дыктоўка, якую традыцыйна праводзіць Таварыства беларускай мовы. Урывак з апавяданьня Янкі Брыля «Ўсьмешка» прадыктаваў выкладчык ВДУ Юры Бабіч, старшыня абласной арганізацыі ГА ТБМ. Выбар тэксту быў абгрунтаваны тым, што сёлета знакамітаму пісьменьніку спаўняецца 100 гадоў

Дыктоўку праводзіць Юры Бабіч
Дыктоўку праводзіць Юры Бабіч

Сярод тых, хто пісаў, быў і ганаровы старшыня абласной рады ТБМ Ёсіф Навумчык, які сышоў з кіроўнай пасады, але не губляе сувязяў зь сябрамі-аднадумцамі, і вядомыя віцебскія актывісты Тацяна Севярынец і Барыс Хамайда. Былі тут і настаўнікі, і работнікі бібліятэк, і пэнсіянэры, і студэнты.

Ганаровы старшыня абласной рады ТБМ Ёсіф Навумчык прынёс у бібліятэку кнігі. Дыктоўку піша Барыс Хамайда
Ганаровы старшыня абласной рады ТБМ Ёсіф Навумчык прынёс у бібліятэку кнігі. Дыктоўку піша Барыс Хамайда

Сярод удзельнікаў — шмат моладзі
Сярод удзельнікаў — шмат моладзі

Пасьля дыктоўкі кожнаму далі магчымасьць праверыць свае веды. Спадар Бабіч тлумачыў складаныя моманты і асаблівасьці напісаньня тых ці іншых словаў. Адзнак, вядома ж, ніхто ня ставіў. Бо мэта нацыянальнай дыктоўкі — ня спраўдзіць узровень пісьменнасьці, а абудзіць цікаўнасьць да роднай мовы.

Праверка
Праверка

І выступ музыкаў прыканцы
І выступ музыкаў прыканцы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG