Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Лідчыне Дзень роднай мовы расьцягваецца на два тыдні


Беларуская дыктоўка ў Лідзкім прафэсійным ліцэі

У Лідзкім раёне ў межах адзначэньня Дня роднай мовы другі тыдзень працягваюць пісаць беларускія дыктоўкі, ладзіць канцэрты і іншыя беларускія мерапрыемствы.

Паводле старшыні Лідзкага таварыства беларускай мовы Станіслава Судніка, Дзень роднай мовы расьцягваецца на некалькі тыдняў з прычыны таго, што ён адбываецца на дзяржаўным узроўні. Задзейнічаны ўсе дзяржаўныя ўстановы культуры, адукацыі, а таксама іншыя.

«Ужо пісалі дыктоўку ў Цэнтральнай бібліятэцы, яе філіях у Бярозаўцы і Мінойтах, у навучальных установах, клюбах. Пішуць школы раёну, пісалі вэтэраны, сёньня пішуць лідзкія літаратары, пішуць нават у аграсядзібе „Пескі“, заўтра плянуецца дыктоўка ў перасоўна-мэханізаванай калёне. Там будуць пісаць беларускую дыктоўку кіроўцы і сьлесары. Учора адбыўся вялікі сьвяточны канцэрт у гонар роднай мовы. Пры поўнай залі выступаў беларускі бард Сяргей Чарняк, студэнты Гарадзенскай мастацкай вучэльні, хор вэтэранаў сьпяваў „Прысягу Беларусі“ на мае словы. І гэта яшчэ далёка ня ўсе мерапрыемствы», — сказаў Свабодзе Суднік.

Дыктоўка ў вэтэранскай арганізацыі «Дзеці вайны»
Дыктоўка ў вэтэранскай арганізацыі «Дзеці вайны»

Ён распавёў, што сёлета дыктоўкі пішуць па розных тэкстах, але пераважна — аўтарства Янкі Брыля, Францішка Скарыны.

Летась у Лідзкім раёне ў пісаньні беларускай дыктоўкі ўзялі ўдзел больш за пяць тысяч чалавек у 45 месцах. А сёлета, спадзяецца Суднік, гэтая лічба яшчэ павялічыцца.

«Выдатны настрой у людзей падчас гэтых мерапрыемстваў. Вось учора быў на канцэрце — прыемна, і настрой у людзей прыўзьняты. Вось бачу, як мы ў адным раёне паварочваемся да роднай мовы і як прыемна людзям. Няхай бы так было ў кожным раёне нашай краіны», — сказаў Суднік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG