Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуаен дыпкорпусу ў Беларусі другі год запар не прыйшоў на сьвяткаваньне Міжнароднага дня роднай мовы

абноўлена

Верш Янкі Купалы «А хто там ідзе» стаў сёньня самым папулярным у Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Яго найчасьцей чыталі на беларускай і роднай мовах дыпляматы шэрагу краін, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстай імпрэзе, прысьвечанай сьвяткаваньню Міжнароднага дня роднай мовы і 135-годзьдзю з дня народзінаў першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Намесьнік міністра Алег Краўчанка ў размове з журналістамі выказаў меркаваньне, што замежныя дыпляматы, якія працуюць у Беларусі, зразумелі, што верш «А хто там ідзе» «ў найбольшай ступені выражае думкі, мары і спадзяваньні беларускага народу, якія паказаў у сваёй паэзіі Янка Купала».

Падчас імпрэзы прагучалі і іншыя творы Янкі Купалы, была адкрытая выстава «Я нясу вам дар» з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музэю, якая знаёміць са старонкамі жыцьця і творчасьці паэта.

Журналісты, якія прысутнічалі на вечарыне, заўважылі, што ўжо другі год запар на ёй адсутнічае дуаен дыпляматычнага корпусу (найстарэйшы па часе акрэдытацыі амбасадар) — амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў. Праўды, пэўны прагрэс сёлета ўсё ж назіраўся. Калі летась дыпляматы з Расеі наагул не чыталі вершаў, то сёньня гэта зрабіла дарадца амбасады Маргарыта Навадворская. На пытаньне «Свабоды», ці не паехаў амбасадар Сурыкаў у Маскву на перамовы міністраў Лаўрова і Макея, спадарыня Навадворская адказала, што амбасадар у Менску, але чытаць верш Янкі Купалы даручылі ёй.

А вось Уладзімер Макей, які летась чытаў на падобным мерапрыемстве творы славутага песьняра, сёньня ў Маскве, і таму ён ня змог паўдзельнічаць у імпрэзе.

Падобныя чытаньні вершаў іншаземнымі дыпляматамі на беларускай і роднай мове ладзяцца трэці раз. У 2015 годзе яны адбываліся ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы, а летась і сёлета — у міністэрстве.

Дзень роднай мовы быў заснаваны рашэньнем UNESCO ў лістападзе 1999 году, каб бараніць моўную і культурную разнастайнасьць народаў сьвету.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG