«На поўначы Крэмль узмацняе ціск на Беларусь. Хоць я ўпэўнены, што прэзыдэнт Лукашэнка не дазволіць, пра што ён мне неаднаразова казаў, выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для недружалюбных дзеяньняў адносна нас», — заявіў сёньня Пятро Парашэнка, выступаючы на зборах кіраўнічага складу Ўзброеных сіл Украіны.
Украінскі прэзыдэнт перакананы, што пэўным доказам такой палітыкі Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны ёсьць і забарона беларускімі ўладамі выкарыстаньня на сваёй тэрыторыі дакумэнтаў гэтак званых «ЛНР» і «ДНР».
«Упэўнены ў тым, што калі выдаюць на часова акупаваных тэрыторыях замест дакумэнтаў гэтыя паперкі, іх гэта не ўратуе, хоць гэта зьяўляецца фактычнай прыкметай прызнаньня гэтых акупаваных тэрыторый Расейскай Фэдэрацыяй. І маючы досьвед, параіў бы беларусам і краінам Балтыі быць гатовымі да любых сюрпрызаў з боку Масквы. Агрэсіўная палітыка — вельмі небясьпечны элемэнт гульні, якую вядзе кіраўніцтва Расеі з мэтай кардынальна зьмяніць геапалітычны ляндшафт ўсяго эўрапейскага кантынэнту», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.
У той жа час украінскі прэзыдэнт не выключае, што Расея можа выкарыстаць свой кантынгент войскаў, разьмешчаны у Прыднястроўі, для нападу на Ўкраіну. «Хоць іх там, паводле нашых ацэнак, ня так шмат, але ў якасьці дапаможнай сілы больш чым 20 тысячам жаўнераў у анэксаваным Крыме яны здольныя стварыць нам дадатковыя праблемы», — мяркуе кіраўнік Украіны.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка перакананы ў адсутнасьці пагрозаў для сваёй краіны з боку Беларусі, нягледзячы на цяперашні ціск Крамля на беларускую дзяржаву.
Самае папулярнае
1