Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў — Макею: «Ня вельмі такі спакойны інфармацыйны фон»


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, сустрэча ў Маскве, 21 лютага 2017 году

Міністэрства замежных спраў Расеі апублікавала відэа з сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Расеі Ўладзімера Макея і Сяргея Лаўрова, што адбылася ў Маскве 21 лютага. На відэа — толькі вітаньні міністраў, што ж адбывалася на самой сустрэчы, пакуль не паведамляюць ні беларускае, ні расейскае ведамствы.

«Сёньняшні кантакт падкрэсьлівае, што мы заўсёды гатовыя абмяркоўваць любыя пытаньні, у тым ліку няпростыя, з тым, каб знаходзіць іх рашэньні, — казаў Лаўроў Макею. — Чым больш у нас разьвіваецца супрацоўніцтва і партнэрства, чым глыбей мы пераплятаемся ў эканамічным, гуманітарным і чыста чалавечым пляне, тым больш узьнікае задачаў, якія трэба будзе вырашаць. Адзначаюць, што цяперашні этап нашай супольнай працы адбываецца на ня вельмі спакойным інфармацыйным фоне. Але я хачу запэўніць усіх нашых калегаў, што ўзаемадзеяньне паміж міністэрствамі замежных спраў ды іншымі ведамствамі разьвіваецца канструктыўна і ў працоўным рэжыме».

Лаўроў выказаў думку, што сустрэча дапаможа прасунуцца ў пытаньнях выкананьня праграмаў замежнай палітыкі так званай «Саюзнай дзяржавы», а таксама выказаў пажаданьне абмеркаваць супрацу Беларусі і Расеі ў ААН і АБСЭ, а таксама супрацоўніцтва «з улікам стасункаў з Эўразьвязам і NATO».

Беларускі МЗС анансаваў асноўную тэму сустрэчы як «павышэньне эфэктыўнасьці ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах, штаб-кватэры якіх разьмешчаныя ў Маскве» (маглі мецца на ўвазе таксама АДКБ і ЭАЭС, хоць яны не называліся). Але ў вітальным слове Макей пра гэта не казаў, прапанаваную расейскімі СМІ ідэю #Belxit ня згадваў.

«Гэта добрая магчымасьць абмеркаваць шэраг актуальных пытаньняў нашай двухбаковай і шматбаковай супрацы, каб мы да 25-годдзя наладжваньня двухбаковых стасункаў падышлі зь нейкімі заваяваньнямі, а ня проста каб казалі пра тое, што ў нас паўсталі нейкія праблемы», — казаў Макей.

Неспакойны фон

Сустрэча адбываецца на тле падпісанага Ўладзімірам Пуціным указу аб прызнаньні Расеяй пашпартоў так званых «ДНР» і «ЛНР». У сувязі з гэтым беларусы стварылі пэтыцыю пра памежны кантроль на мяжы з Расеяй зь беларускага боку. У МЗС і памежным камітэце Беларусі пакуль ня ведаюць, што рабіць з пашпартамі «ДНР» і «ЛНР». Затое ведаюць гатэлі: адны не прымаюць з такімі пашпартамі, іншыя гатовыя засяліць «грамадзяніна ДНР».

Таксама ў азначэньне «неспакойнага інфармацыйнага фону» ўпісваюцца «нафтагазавыя войны» Беларусі і Расеі, якія ідуць ад сярэдзіны 2016 году — суседзі не маглі ўрэгуляваць тарыфы на транзыт расейскай нафты па трубах «Гомельтранснафты» і «Полацктранснафты», Расея патрабуе зь Беларусі 550 млн даляраў запазычанасьці за газ, Беларусь шукае замену расейскай нафце.

У лютым мелася адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, ды Лукашэнка паехаў у Сочы да канца тыдня, а Пуцін зь ім сустракацца не плянуе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG