Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаю сёньня: урад зацьвердзіў плян па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці ў Беларусі. Які ён маладзец, урад. Але чаму паглыбляе няроўнасьць сярод пісьменьнікаў?

Адзін саюз — людзі як мае быць, другі — дармаеды. Так сьцьверджана! Аб чым гэта сьведчыць? Значыць, няма сярод чыноўнікаў здольных мысьліць у прававым полі: адным даюць правы, другіх пазбаўляюць. За што? Адказу не даецца.

2017 год, нейкія размовы аб лібэралізацыі, аб дружбе з Эўропай. Чапуха гэта ўсё, беліберда і брахня. Выкінуць са сьпісаў Мінкульту арганізацыю, якая ўваходзіць у Эўрапейскую Пісьменьніцкую Раду! Якая дбае аб прапагандзе беларускай мовы і літаратуры за межамі РБ!

Помнікі Купалу і Коласу пад аховай дзяржавы, музэі — у яе валоданьні. Саюз пісьменьнікаў, у якім яны «навечна залічаныя ў сьпісы», выгнаны на вуліцу спачатку, цяпер пазбаўлены правоў творчай арганізацыі. Прыехалі.

Чаму РБ помсьціць за беларускую мову? Рукамі мінкульту, які дбаць абавязаны пра захаваньне і прымнажэньне культурнай спадчыны, у нашым выпадку моўнай, літаратурнай. Абавязаны? Ды не, аказваецца, два саюзы пісьменьнікаў для мінкульту замнога. Няўжо працягвае дзейнічаць ліміт часоў ЦК КПСС? У Беларусі ня можа быць больш за 365 пісьменьнікаў у саюзе. Калі больш — значыць, нацыяналізм уздымае голаў…

На цьвярозую галаву: чым больш пісьменьнікаў у краіне занядбанай мовы, тым болей аптымізму, што беларусы ня вымруць. Але ж не: сьвежасьпечаны афіцыйны саюз пісьменьнікаў, напэўна, перабраў ліміт, членаў столькі, што астатнія, хто ў СБП — лішнія. Перабор, яўны перабор, столькі пісьменьнікаў краіне пад назвай РБ ня трэба, не ператравіць, даражэнькія сябры. Потым — адзін саюз на дзяржаўным утрыманьні, ён свой, прыкладай хоць да ранаў. А другі што? А другі на падножным корме, гуляе, як той кот, сам па сабе. Пад падазрэньнем ад пачатку. І кіраўнікі зноў жа. Адзін генэрал ажно, а ў другога якое званьне? Няма ніякага? Ну вось бачыце! Якое стаўленьне можа быць? Дармаеды дый годзе!

У гэтай абрэвіятуры ўсё так. Па афіцыйных рупарах называюць беларускую «другой дзяржаўнай». Ясна чаму: каб апраўдаць адведзенае ёй дзяржавай становішча. Ці вядома рупарам, калі начальства абвесьціла расейскую дзяржаўнай? Цалкам магчыма, што не. Навошта галаву забіваць непатрэбшчынай? Галоўнае вядома: беларуская мова мае штамп «другі гатунак».

Так сьвежасьпечаны саюз стаў першым, а першы перасунулі назад. А цяпер нашчадкі Коласа і Купалы яшчэ дармаедамі абвешчаныя. Такія традыцыі ў нашай абрэвіятуры. Сэляві.

Натрапіў нядаўна на перадачку па Беларускім радыё. Немалы ўрадавы чыноўнік наведаў саюз пісьменьнікаў. Размаўлялі, зразумела, па-расейску. А што зьдзіўляцца. Я калісьці ў Новым замку нашым трапляў на выязную нараду Мінкульту, ды міністар толькі па-расейску. А навошта па-беларуску? Навошта здавацца нядобранадзейным?

Добранадзейнасьць — гэта ня менш важна сёньня, чымсьці было пры Брэжневе ці пры Сталіне. Купала, канечне, для начальства ў гэтым сэнсе прайграе Коласу да сёньня. Праўда, слухаю Беларускае радыё, расказваюць пра апошні дзень дзядзькі Якуба: прыехаў з ЦК і памёр. А быў жа нібыта ўжо, «дзякаваць богу», 1956 год. Такое супадзеньне: пабываў у начальства ў апошні дзень свайго жыцьця.

У іншай перадачы вядучы запальна расказвае, як адзін рэжысэр хацеў зьняць фільм пра Купалу і распавядаў на камісіі пра задуму. Бачыць: скісьлі твары. І пытаньне ў лоб: а чаму вы думаеце, што Купалу забілі? Як чаму? Гэта ў прынцыпе агульнавядома. Што значыць агульнавядома? Вы самі там былі, самі бачылі? Чаму перакананыя? Дзе доказы? Няма? Ну дык мы вам скажам іншае — агульнавядома, што ён зваліўся зь лесьвіцы. Сам. І ня трэба цень на пляцень наводзіць.

Вось так: ім па-ранейшаму вельмі даспадобы «надзейная» вэрсія, зразумела, афіцыйная. Што пад шафэ быў народны паэт, што ня грэбаваў чаркай, вось і вынік.

2017 год. Але любы цень на органы недаспадобы. Што яны замучылі мільёны бязьвінных, што каты былі па чарзе як на падбор, што ў час сьмерці Купалы кіраваў злавесны Берыя, гэта пад увагу не бярэцца. Напіўся і зваліўся. Можна, канечне, пашкадаваць. Усё ж паэт. «Біце гітлерцаў праклятых» напісаў. Але сам вінаваты.

Пісьменьнікі з СБП побач з калегамі з СПБ пастаянна, ад пачатку падвяргаюцца дыскрымінацыі. Большасьць ня можа марыць аб сваёй кніжцы ў «Мастацкай літаратуры», ці рамане ў «Полымі». Я кажу: большасьць, бо некаторым паціху гэта ўдаецца. Што да мяне асабіста: пасьля таго, як у 1995-м у гэтым пісьменьніцкім выдавецтве была зарэзаная цалкам падрыхтаваная да друку мая кніга, мне думаць аб ім ня можна. Як і аб літаратурных выданьнях, дзе некалі, былі часы, свабодна друкаваўся. І кволая наіўная думка: я 35 год беларускай мовай карыстаюся, прапагандую, тысячы людзей прачыталі мае тэксты, нехта прывучыўся да мовы. А ці могуць пахваліцца гэтым са свайго боку чыноўнікі, якія запісваюць беларускіх пісьменьнікаў у «туняядцы»?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG