Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данкверт: Эўразійская эканамічная камісія лябіюе беларускае малако


Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт лічыць, што Эўразійская эканамічная камісія (ЭЭК) адкрыта лябіюе інтарэсы Беларусі і ігнаруе пры гэтым пажаданьні Расеі ў пытаньнях аграпрамысловага комплексу і тэхнічнага рэгуляваньня.

Найбольш востра, на думку расейскага чыноўніка, гэта тычыцца патрабаваньняў да малака і малочнай прадукцыі.

Як заявіў Сяргей Данкверт у інтэрвію «Известиям», любыя прапановы Рассельгаснагляду ў ЭЭК, якія датычацца пытаньняў тэхнічнага рэгуляваньня, упіраюцца як мінімум у бязьдзейнасьць з боку адказных чыноўнікаў.

«Калі мы ўносім нейкія прапановы і просім ЭЭК хутка зрабіць захады, усе разумеюць, што гэта немагчыма. І зразумела, што гэтага дамагчыся нельга, калі ключавыя пасады, якія вызначаюць тэхнічнае рэгуляваньне, сельскую гаспадарку, займаюць нашы беларускія калегі», — сказаў ён.

У якасьці прыкладу неканструктыўнай працы Сяргей Данкверт прывёў тэхрэглямэнт на малако і малочную прадукцыю. Гэты дакумэнт забараняе выкарыстоўваць сухое малако ў вытворчасьці пітнога. Паводле чыноўніка, з дапамогай зацьверджанай тэхрэглямэнтам ЭЭК мэтодыкі выявіць наяўнасьць сухога малака ў пітным складана. Але праверкі Рассельгаснагляду найбуйнейшых беларускіх перапрацоўшчыкаў малака паказалі, што практычна ва ўсіх узорах сухое малако ёсьць, а ў некаторых доля яго складае каля 50%.

«Харчовая вайна» паміж Расеяй і Беларусьсю абвастрылася ў пачатку 2017 году. Падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Лукашэнка выказаўся наконт прэтэнзіяў Масквы да беларускіх прадуктаў і нават паабяцаў распачаць крымінальную справу супраць кіраўніка Рассельнаснагляду Сяргея Данкверта за «нанясеньне шкоды дзяржаве».

З 4 па 6 лютага 2017 году «Рассельгаснагляд» у Бранскай і Смаленскай абласьцях забараніў увоз больш як 37 тон ялавічыны зь беларускіх мясакамбінатаў у Любані і Магілёве.

З 6 лютага Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі, а таксама некаторых з Магілёўскай вобласьці. Сярод прычын называліся падазрэньні ў тым, што беларускія прадпрыемствы прадаюць у Расею мяса ўкраінскага паходжаньня.

8 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што ў студзені на мяжы спынены ўвоз зь Беларусі ў Расею больш як 40 партыяў малочнай і мясной прадукцыі беларускага паходжаньня.

9 лютага Рассельгаснагляд распаўсюдзіў заяву пра адкладаньне візыту сваіх спэцыялістаў у Беларусь, якія меліся праверыць месцы захоўваньня і вытворчасьці расьліннай прадукцыі. Прычына адкладаньня візыту — магчымыя «правакацыйныя дзеяньні зь беларускага боку».

14 лютага Рассельгаснагляд пашырыў сьпіс беларускіх прадпрыемстваў, якім абмежаваная пастаўка прадукцыі ў Расею.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG