Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці загінулай у ТЦ «Новая Эўропа» пра хлапца з бэнзапілой: «Недалюблены, не хапала яму цяпла»


Улад Казакевіч на лаве падсудных

Марыя Н., маці Алены Александронец, якая загінула ў гандлёвым цэнтры «Новая Эўропа», у судзе скарысталася правам задаць пытаньне Ўладу Казакевічу. 18-гадовага юнака падазраюць у зьдзяйсьненьні нападу, у выніку якога адна жанчына загінула і дзьве атрымалі раненьні. Віну сваю ён прызнаў цалкам.

У Менску судзяць Улада Казакевіча, які напаў з бэнзапілой на гандлёвы цэнтар. Жывы рэпартаж

«Я з вашых паказаньняў пачула, што ў вашай сям’і не было любові хіба, узаемаразуменьня. Нейкія стасункі ў вас несямейныя. Я не разумею такога. Але вы любіце сваіх бацькоў, сястру сваю?» — зьвярнулася да яго ў залі суду Марыя Н., маці загінулай.

— Нармальна стаўлюся.

— А чаму вы так рэдка сустракаецеся?

— А навошта? Мне выдатна.

Падчас допыту ў працэсе суду Марыя папрасіла строгага пакараньня для Ўладзіслава Казакевіча.

Пасьля паседжаньня ў камэнтары для Радыё Свабода Марыя Н. патлумачыла сваё пытаньне:

«Я бачу, што ў яго прабелы ў выхаваньні. Лічу, што віна бацькоў там ёсьць. Бачыце, якое ён дзіця. Недалюбленае. Гэта ж напэўна зь дзяцінства, не адразу ж гэта здарылася. Недалюблены, не хапала яму цяпла ў сям’і. Я так бачу як маці.

Вы бачыце, ён не камунікуе. У нас у сям’і ўсё па-іншаму. А ён... Я і бацьку (ягонаму. — РС) сказала: „Вы яму грошы толькі давалі“. Ну як гэта — дазволіць дзіцяці з 15 год жыць аднаму ў кватэры?

Бачаць, што з псыхікай ня ўсё ў парадку, што суіцыд быў у 14 гадоў. Гэта ж трэба было біць ва ўсе званы! Трэба было займацца дзіцём, лячыць яго. А яны на кватэру адправілі, грошы дадуць, каб не галодны быў. Можа, нават і лішняе давалі, бо каб не было грошай, не купіў бы ўсяго столькі. Вы ж бачыце — і маскі, і ўсё на сьвеце. Ня ведаю я, але лічу, што бацькі вінаватыя... У выхаваньні віна іх немалая. Бачылі, што хворы — лячыце.

Калі ён сказаў, што ў яго аніякага спачуваньня няма і што, калі нашу дачку забіваў, яму было абыякава... У душы ў мяне, можа, і іншае, але чаму я мушу яго шкадаваць? Адказвай за свае ўчынкі».

20 лютага ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд справы Ўлада Казакевіча, які 8 кастрычніка 2016 году напаў з бэнзапілой на людзей у гандлёвым цэнтры «Новая Эўропа». Яго абвінавачваюць у падрыхтоўцы да злачынства (ч.1 арт. 13 КК), забойстве (ч.2 арт 139) і хуліганстве (ч.1 арт. 339). Пацярпелымі па справе прызнаныя 7 чалавек. Пяцёра зь іх заявілі хадайніцтвы на кампэнсацыю маральнай шкоды — агулам на 259 тысяч рублёў. Бацькі абвінавачанага ўжо напярэдадні суду перадалі пацярпелым 4 тысячы рублёў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG