Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сакавіка абвешчана агульнанацыянальным днём пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту


Акцыя пратэсту 17 лютага ў Менску

Кампанія «Мы не дармаеды» абвясьціла 15 сакавіка агульнанацыянальным днём пратэсту супраць дэкрэту № 3.

У гэты дзень заплянаваныя Маршы недармаедаў у Менску, а таксама ў іншых рэгіёнах Беларусі. Заяўку на Марш недармаедаў у Менску падалі 23 студзеня.

22 лютага а 10:30 на плошчы каля Камароўскага рынку ў Менску прадстаўнікі нацыянальнага і рэгіянальных аргкамітэтаў кампаніі плянуюць правесьці прэс-канфэрэнцыю.

У аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» ўваходзяць Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Абʼяднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу і Партыі жанчын «Надзея», кампанія «Наш дом», а таксама рух «За свабоду».

Да 15 сакавіка па ўсёй краіне актывісты працягнуць збор подпісаў супраць «дармаедзкага» дэкрэту. Таксама яны будуць ціснуць на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якія адмаўляюцца абараняць канстытуцыйныя правы выбаршчыкаў.

«Кампанія „Мы не дармаеды“ вітае актыўнасьць тысяч беларусаў, якія выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем адмяніць антыканстытуцыйны Дэкрэт № 3. На жаль, улады не далі дазволу на правядзеньне Маршаў недармаедаў у Магілёве, Гомелі, Гродне, тым самым адмовіўшыся ад дыялёгу з грамадзянамі. Тым ня менш Маршы прайшлі ва ўсіх рэгіёнах і ў тым фармаце, як і плянавалі арганізатары», — гаворыцца на сайце БХД.

Прадстаўнікі камітэту заклікалі арганізатараў акцыяў пратэсту процідзейнічаць правакатарам, якія могуць паспрабаваць выкарыстоўваць акцыі для прасоўваньня прарасейскіх лёзунгаў.

«Такія правакацыі могуць быць арганізаваныя спэцслужбамі Беларусі для дыскрэдытацыі акцыі пратэсту», — пішуць прадстаўнікі кампаніі.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG