Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў пазбавілі «броні» ад «падатку на дармаедаў»


Барыс Пятровіч

Саюз беларускіх пісьменьнікаў і беларускі ПЭН-цэнтар не ўвайшлі ў вызначаны Міністэрствам культуры пералік 13 творчых саюзаў, сябрам якіх ня трэба плаціць «падатак на дармаедаў».

«Для нас гэта была нечаканасьць, — сказаў Свабодзе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч. — Па ранейшых дакумэнтах саюз зьяўляўся творчым.

Больш за тое, летась да нас зьвярнулася Міністэрства па падатках і зборах, каб мы прадставілі сьпісы нашай арганізацыі і каб нашым сябрам не рассылалі так званыя „лісты шчасьця“.

Літаральна да ўчорашняга дня наш саюз уваходзіў у пералік творчых арганізацый, сябры якіх ня лічацца дармаедамі.

Учора мы даведаліся пра гэтую пастанову, паводле якой нас у гэтым сьпісе няма.

Вядома, мы будзем прадпрымаць дзеяньні, каб гэтую несправядлівасьць неяк зьмяніць — мы зьвернемся да міністра культуры, мы зробім адмысловую заяву па гэтай сытуацыі і г.д.».

Барыс Пятровіч сьцьвярджае, што гэтае рашэньне Міністэрства культуры ніяк не патлумачыла. Раней нават размовы не было пра тое, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў можа ня трапіць у гэты сьпіс. «У параўнаньні з іншымі арганізацыямі, якія ўвайшлі ў гэты сьпіс, мы маем нашмат больш падстаў лічыцца творчым саюзам», — упэўнены ён.

У сьпісе Міністэрства культуры 13 творчых саюзаў:

  • Беларуская гільдыя актораў кіно,
  • Беларускі саюз архітэктараў,
  • Беларускі саюз дызайнэраў,
  • Беларускі саюз журналістаў,
  • Беларускі саюз кінэматаграфістаў,
  • Беларускі саюз кампазытараў,
  • Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў,
  • Беларускі саюз майстроў народнай творчасьці,
  • Беларускі саюз музычных дзеячаў,
  • Беларускі саюз тэатральных дзеячаў,
  • Беларускі саюз мастакоў,
  • Саюз пісьменьнікаў Беларусі,
  • Беларускае грамадзкае абʼяднаньне «Фотамастацтва».

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG