Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: прызнаньне Расеяй пашпартоў «ДНР» і «ЛНР» пярэчыць менскім дамоўленасьцям


Амбасада ЗША ў Кіеве назвала рашэньне Расеі часова прызнаваць «пашпарты» самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» на ўсходзе Ўкраіны несумяшчальным зь Менскім працэсам урэгуляваньня канфлікту.

19 лютага пасольства разьмясьціла паведамленьне ў Twitter пра тое, што рашэньне «выклікае трывогу і несумяшчальнае з узгодненымі мэтамі Менскага мірнага працэсу».

Амбасада ЗША ва Ўкраіне таксама заклікала Расею і сэпаратыстаў адвесьці цяжкое ўзбраеньне ад лініі судакрананьня дзеля забесьпячэньня ўстойлівага спыненьня агню.

18 лютага прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнаньні дакумэнтаў, выдадзеных самаабвешчанымі «Данецкай Народнай Рэспублікай» і «Луганскай Народнай Рэспублікай» — тэрытарыяльнымі ўтварэньнямі, якія абвясьцілі на ўсходзе Ўкраіны сэпаратысты, кантраляваныя Расеяй.

У той жа дзень міністры замежных справаў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі сустрэліся ў Мюнхэне і дамовіліся аб новым спыненьні агню на ўсходзе Ўкраіны, якое пачнецца 20 лютага.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG