Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У Гомлі прайшоў марш недармаедаў. «Прагулка па горадзе», як яе анансавалі арганізатары, ператварылася ў марш ў некалькі тысяч чалавек і мітынгі на двух плошчах адначасова.

Ва ўсіх абласных гарадах сёньня былі анансаваныя акцыі пратэсту супраць Дэкрэту прэзыдэнта № 3 — так званым «падатку на дармаедзтва». У Гомлі а 12 гадзіне натоўп у некалькі сотняў людзей сабраўся на плошчы Паўстаньня. І хоць тут праходзіў арганізаваны ўладамі кірмаш, вакол помніка танку хутка ўтварылася ініцыятыўная група. Празь дзесяць хвілінаў пасьля пачатку акцыі калёна рушыла ў бок плошчы Леніна.



Па розных падліках, на плошчы Леніна знаходзілася ад адной да трох тысяч чалавек. Таксама многія людзі надалей падыходзілі да плошчы Паўстаньня. Яны ня ведалі, што акцыя перамясьцілася на плошчу Леніна.

«Гэта найбольшы пратэст з 2000-х гадоў», — сказаў Свабодзе Леанід Судаленка, праўны інспэктар прафкаму РЭП Гомельскай вобласьці.

Як мяркуюць, гэта самая масавая вулічная акцыя пратэсту ў Гомлі нават з 1990-х гадоў. Тады тут праходзілі шматлікія страйкі.



Сёньня на чале калёны ішлі прадстаўнікі палітычных і прафсаюзных рухаў. Аднак большасьць дэманстрантаў не належалі ні да якай партыі. У інтэрвію Свабодзе людзі звычайна казалі, што яны ўвогуле ўпершыню ў жыцьці выйшлі на вулічны пратэст.

«Гэты дэкрэт нас аб’яднаў, — расказаў адзін зь мітынгоўцаў. — Прынамсі адзін станоўчы бок ён мае».



Абураныя дэкрэтам № 3 людзі выйшлі на вуліцу, каб улада пачула іх. У гэтыя дні на Гомельшчыне праходзяць сустрэчы прадстаўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта, якія тлумачаць сэнс «падатку на дармаедзтва». Але людзі дабіваюцца поўнай адмены гэтага закону.

Сытуацыя ўскладняецца адсутнасьцю працы ў Гомлі. Многія казалі, каб нават і хацелі выплаціць падатак, проста фізычна ня маюць з чаго яго сплаціць.

Відэаблогер Максім Філіповіч у інтэрвію Свабодзе сказаў, што прыкладна такой акцыі ён і чакаў ад жыхароў Гомля:

«Я ганаруся беларускім народам. Штуршком, добрым прыкладам для нас стаў марш у Менску».

Сапраўды, многія ўдзельнікі мітынгу казалі, што іх натхніла акцыя пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Менску, якая прайшла ў пятніцу, 17 лютага.


Мітынг у Гомлі праходзіў насупраць будынку аблвыканкаму. Натоўп патрабаваў ліквідацыі дэкрэту, выказваўся супраць дзейнай улады. Але міліцыя ня ўмешвалася. Невядома, ці былі затрыманьні ўдзельнікаў пасьля акцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG