Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму краіну? Падыходзь


Сяргей Астраўцоў

Кволая палітычная думка краіны крыху ажывілася ад пагалоскі. Што начальства нібы ня супраць мірна перадаць краіну ў іншыя рукі.

З адзінай думкай, каб усё было «чынна і благародна», і каб ніхто не пацярпеў. Ад перадачы з рук у рукі. Выглядае цікава. Але бадай не выглядае жыцьцёва. Проста так такія рэчы ня робяцца.

Пытаньне першае: каму перадаць, калі перадаваць? Як вынікала з ранейшых чутак — сыну, каму ж яшчэ? І праблема сапраўды існуе. Якая? Усім вядома. Школьны ўзрост. Праблема, канечне, часовая. З гадамі можна пераадолець. Бацьку было цяжэй. Ліміт жа хацелі зрабіць: каб ня менш за сорак гадоў, а яму не хапала тады, каб удзельнічаць. У выбарах. Усяго некалькіх месяцаў! Але навязаць гульню па сваіх правілах ня выйшла! У выніку — неверагодная перамога.

А далей была справа тэхнікі: закруціць гайкі і толькі час-часам падкручваць. І колькі пасьля мы чулі: улада, яна валялася пад нагамі, што было недаравальным. Такая нядбайнасьць, а-я-яй. Трэба было камусьці нагнуцца, узяць і ставіцца ашчадна.

Наўрад ці навучаныя на горкім вопыце апазыцыянэры сапраўды сёньня паверылі, што можна на нешта спадзявацца. Але думцы не загадаеш, яна пачынае працаваць сама па сабе. Але што тут асабліва надумаеш? У маёй першай кніжцы «Янычары» (1993) было апавяданьне, у якім у парлямэнцкім амфітэатры адбываецца сход, прысьвечаны незалежнасьці. Вельмі напружаная атмасфэра. Як даць рады, калі няма арміі? І нехта прапануе выйсьце: «Трэба толькі дамагчыся ад Лігі нацый...» Яму не даюць дагаварыць — «Дамагаюцца моцныя. Кволыя — просяць!»

Значыць трэба будзе папрасіць. І каб не адмовілі.

Але як можа выглядаць наогул гэтая перадача? Краіны з рук у рукі. Калі паспрабаваць уявіць на свае вочы. Няхай тэарэтычна. Які мэханізм? Нядаўна бачыў італьянскі фільм «Страшныя казкі», які прызнаны культурнай спадчынай. Адзін кароль паабяцаў руку дачкі таму, хто адгадае сакрэт. Сабралася чарга высакародных сіньёраў, рыцараў. Але ўсе — вакол ды наўкола. І адгадаў такі, хто жыў ня ў замку, а ў пячоры.

Аднак якія сакрэты можа ведаць наш апазыцыянэр? Якія? Галоўны пагатоў, ён даўно стаў сакрэтам полішынэля. Уладу трэба любіць больш за ўсё на сьвеце. І тады ўсё, як па маслу. А калі табе раніцай ня хочацца зубы чысьціць, нават успамінаць пра кабінэт свой, калі ў цябе фізыка ў галаве, а не стырно, то якое зь цябе начальства? Як ты будзеш кіраваць? Месца займаць чужое толькі. Ну як такім перадаваць? Лепей пачакаць да лепшых часоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG