Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс у чацьвер выключыў магчымасьць вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй, кажучы, што адпаведных умоваў для гэтага пакуль няма.
Выступаючы на прэс-канфэрэнцыі ў штаб-кватэры NATO ў Брусэлі, кіраўнік Пэнтагону заявіў, што Злучаныя Штаты не гатовыя да вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй. «Аднак нашы палітычныя лідэры будуць спрабаваць знайсьці агульную мову», — падкрэсьліў ён.
Мэтыс дадаў, што перад тым, як наладжваць вайсковыя дачыненьні, Расея павінна «праявіць сябе» і прытрымлівацца міжнароднага права.
Раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу выказаў «гатовасьць Масквы аднавіць супрацоўніцтва з Пэнтагонам».
ЗША спынілі вайсковыя дачыненьні з Расеяй пасьля анэксіі РФ Крыму ў 2014 годзе.