Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын фэрмэра Бельчука: міліцыянт настаўляў на бацьку пісталет і страляў


Аляксандар Бяльчук

У Маларыцкім судзе працягваецца суд у справе канфлікту фэрмэра Аляксандра Бельчука і супрацоўнікаў міліцыі ды АМАПу. Падсудны не прызнае сваёй віны ў нанясеньні цялесных пашкоджаньняў АМАПаўцу і кажа, што сьведкі-міліцыянты хлусяць.

15 лютага ў Маларыцкі суд былі выкліканыя сьведкамі сыны падсуднага фэрмэра Аляксандра Бельчука Дзяніс і Аляксандар. Дзяніс пацьвердзіў паказаньні падсуднага, што міліцыянт быццам бы настаўляў на фэрмэра пісталет і страляў. Апроч таго, Дзяніс Бяльчук расказаў, што ў часе канфлікту міліцыянты ўжывалі сілу да ягонай цёткі: адзін зь міліцыянтаў хапаў яе за шыю.

Сьведка-міліцыянт Дзенісюк і пацярпелы Дзяніс Зянюціч назвалі паказаньні Дзяніса Бельчука хлусьнёй.

Другі сын падсуднага Аляксандар Бяльчук адмовіўся сьведчыць супраць бацькі.

Пасьля ранейшых заяваў сьведак-міліцыянтаў пра тое, што яны ў часе канфлікту адчувалі небясьпеку ад Бельчукоў, адвакатка падсуднага фэрмэра запыталася ў пацярпелага, ад каго ён адчуваў пагрозу — ад 70-гадовага Івана Бельчука, ці ад жанчыны — сястры падсуднага, ці ад маладога хлопца? Пацярпелы Зянюціч сказаў, што пагроза для яго сыходзіла ад падсуднага.

Раней на судзе Бельчукі заяўлялі, што канфлікту магло б і ня быць, каб забіраць іх сваяка Мікалая міліцыянты прыйшлі ў форме. Апроч таго, Бельчукі сьцьвярджаюць, што ня ведалі, што Мікалай з 2014 году лічыўся ў вышуку, а ён і не хаваўся. Таму ў судзе заслухалі ў якасьці сьведкі ўчастковага Маларыцкага РАУС Андрэя Гапоніка. Той сказаў, што ў ліпені-жніўні 2016 году паведамляў падсуднаму Аляксандру Бельчуку, што ягоны брат Мікалай у вышуку.

Падсудны Бяльчук назваў словы Гапоніка няпраўдай і заявіў суду, што ва ўчастковага ёсьць матывы, каб агаварыць яго:

«Аднойчы ехаў з сынам у Арлянку, нас дагнаў участковы, падрэзаў, спыніў, прадставіўся і запатрабаваў у сына дакумэнты. Сын даў яму пашпарт, але ўчастковы запатрабаваў пасьведчаньне кіроўцы. Я патэлефанаваў 102, што ўчастковы перавышае службовыя паўнамоцтвы. І дагэтуль па той справе разбор не праведзены», — сказаў Аляксандар Бяльчук.

Наступнае паседжаньне ў справе Аляксандра Бельчука прызначанае на 10 гадзін 23 лютага.

Канфлікт паміж сямʼёй Бельчукоў і супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу здарыўся 12 кастрычніка 2016 году.

Як сьцьвярджаюць Бельчукі, у той дзень да іх на падворак прыехалі невядомыя і скралі Мікалая Бельчука, а сваякі на некалькіх машынах пагналіся яго ратаваць.

Невядомыя спыніліся і ў ходзе канфлікту нават скарысталі зброю.

Пазьней невядомыя аказаліся супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу. Бельчукі кажуць, што ня ведалі, што гэта міліцыянты, бо тыя былі без апазнавальных знакаў.

Аляксандра Бельчука зь вёскі Арлянка Маларыцкага раёну судзяць паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу. Быццам бы 12 кастрычніка 2016 году фэрмэр учыніў гвалт у дачыненьні да прапаршчыка берасьцейскага АМАПу Дзяніса Зянюціча.Фэрмэр віны не прызнае, кажа, што міліцыянт яго агаворвае і што, наадварот, ён сам пацярпеў ад міліцыянтаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG