Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзіць фэрмэра Бельчука за напад на АМАПаўца працягнуць 8 лютага


Аляксандар Бяльчук
Аляксандар Бяльчук

У другі дзень суду над фэрмэрам Аляксандрам Бельчуком у Маларыце працягваўся допыт сьведак.

Судзьдзя Маларыцкага раённага суду абвясьціў перапынак у справе фэрмэра Аляксандра Бельчука да 14:15 8 лютага.

Аляксандра Бельчука зь вёскі Арлянка Маларыцкага раёну судзяць паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу. Быццам бы 12 кастрычніка 2016 году фэрмэр учыніў гвалт у дачыненьні да прапаршчыка берасьцейскага АМАПу Дзяніса Зянюціча.

Фэрмэр віны не прызнае, кажа, што міліцыянт яго агаворвае. Бяльчук кажа, што, наадварот, ён пацярпеў ад дзеяньняў міліцыянтаў.

У другі дзень суду былі дапытаныя яшчэ два сьведкі — супрацоўнікі крымінальнага вышуку Берасьцейскага РАУС.

«Такое ўражаньне, што яны даюць вельмі блытаныя сьведчаньні, якія нават супярэчаць таму, што яны казалі на папярэднім сьледзтве. На пытаньне, чаму такія супярэчнасьці, адказваюць, што сёньня лепей памятаюць, чым у кастрычніку летась. Асабіста ў мяне застаецца адкрытым пытаньне наконт „мігалкі“, якой карысталіся міліцыянты ў часе інцыдэнту. То бок — чаму гэтая мігалка на машыне цывільнай афарбоўкі павінна сьведчыць, што ў машыне міліцыянты», — сказаў Свабодзе берасьцейскі журналіст Зьміцер Гарбуноў.

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін мяркуе, што ў справе Аляксандра Бельчука варта судзіць ня фэрмэра, а міліцыянтаў:

«Атрымліваецца, што гэта суд не над Аляксандрам Бельчуком, а суд над групай захопу, у якую ўваходзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку і АМАП. У гэтым судзе менавіта разбор, як яны дзейнічалі. У свой час я таксама працаваў у крымінальным вышуку, сядзеў у засадах, хадзіў на затрыманьні. І тое, што я сёньня чую ў судзе пра дзеяньні гэтай групы захопу — яны стоадсоткава супадаюць з вызначэньнем дзеяньняў арганізаванай злачыннай групоўкі. Патаемнае выкраданьне чалавека, былі ў цывільным, не прадстаўляліся (хоць адзін і кажа, што быццам прадстаўляўся)».

На наступнае паседжаньне судзьдзя выклікаў яшчэ трох супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, якія прысутнічалі ў момант інцыдэнту 12 кастрычніка 2016 году.

Канфлікт паміж сямʼёй Бельчукоў і супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу здарыўся 12 кастрычніка 2016 году.

Як сьцьвярджаюць Бельчукі, у той дзень да іх на падворак прыехалі невядомыя, якія скралі Мікалая Бельчука, і сваякі паехалі за імі ратаваць Мікалая.

Сваякі Мікалая кінуліся ў пагоню за імі на некалькіх машынах. Невядомыя спыніліся і ў ходзе канфлікту нават скарысталі зброю.

Як потым выявілася, невядомымі аказаліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG