Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр Бяльчук у судзе заявіў, што не зьбіваў амапаўца і што ў яго стралялі


Аляксандар Бяльчук, архіўнае фота
Аляксандар Бяльчук, архіўнае фота

Судзьдзя не задаволіў хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня фэрмэру, якога судзяць за гвалт на супрацоўнікам АМАПу, на падпіску аб нявыезьдзе — «падстаў няма».

У судзе Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці судзяць Аляксандра Бельчука зь вёскі Арлянка Маларыцкага раёну — за супраціў АМАПу і гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні міліцыянта.

Аляксандра Бельчука даставілі канвоем. На працэсе прысутнічаюць больш за 20 сваякоў падсуднага, журналісты.

Канфлікт паміж сямʼёй Бельчукоў і супрацоўнікамі міліцыі і АМАПу здарыўся 12 кастрычніка 2016 году.

Як сьцьвярджаюць Бельчукі, у той дзень да іх на падворак прыехалі невядомыя, якія скралі Мікалая Бельчука, і сваякі паехалі за імі ратаваць Мікалая.

Канвой уводзіць падсуднага
Канвой уводзіць падсуднага

Амапавец: мне нанесьлі 5 удараў, наклалі два швы

Пракурор зачытаў абвінавачаньне ў тым, што Аляксандар Бяльчук «учыніў гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні супрацоўніка АМАПу прапаршчыка Дзяніса Зянюціча». Бяльчук абвінавачваецца паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу, яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Аляксандар Бяльчук заявіў суду, што віны не прызнае.

Перад гэтым судзьдзя Сяргей Маручэк адхіліў хадайніцтва аб магчымасьці відэаздымкі працэсу журналістамі і хадайніцтва Аляксандра Бельчука пра зьмену меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. «Падстаў няма», — заявіў судзьдзя.

Пацярпелы міліцыянт Дзяніс Зянюціч заявіў на судзе, што амапаўцы і супрацоўнікі крымінальнага вышуку прыехалі ў Арлянку Маларыцкага раёну, каб даставіць Мікалая Бельчука ў Берасьце. На зваротным шляху «УАЗік» міліцыянтаў перасьледавалі машыны, якія хацелі забраць затрыманага.

Паводле пацярпелага, гэтыя машыны ў выніку перапынілі машыну міліцыянтаў. З машын павыходзілі людзі, сталі пагражаць ім. Да пацярпелага падбег мужчына, які крычаў, што «яго закапае» і пачаў наносіць пацярпеламу ўдары.

Міліцыянт кажа, што нанёс Аляксандру Бельчуку ўдар у адказ і той упаў на зямлю.

Пацярпелы кажа, што чуў і стрэлы, але ня бачыў, хто страляў. Ён адказаў на пытаньне адваката, што быў у чорнай спэцвопратцы без апазнавальных знакаў, не пасьпеў паказаць пасьведчаньня, бо яго пачалі біць, але кажа, што старэйшы групы міліцыянтаў паказваў пасьведчаньне Бельчукам. Амапавец заявіў, што Аляксандар Бяльчук нанёс яму ня менш за пяць удараў, што ў яго была расьсечаная рука і давялося накласьці два швы.

Бяльчук: «У мяне стралялі»

Аляксандар Бяльчук заявіў у судзе, што ў пагоню за «УАЗікам» Бельчукі кінуліся, бо думалі, што яго брата Мікалая забралі «невядомыя бандыты».

Ён абвяргае паказаньні пацярпелага амапаўца, кажа, што гэта яны напалі на Бельчукоў.

Падсудны кажа, што адзін зь людзей у чорным трымаў ягоную сястру за шыю. Потым, кажа Аляксандар, пачуўся гук стрэлу, пасьля якога ён паваліўся.

Аляксандар кажа, што ў яго стралялі, але куля толькі крыху зачапіла яго.

Аляксандар таксама абверг словы байца АМАПу, што іхны «УАЗ» быў абсталяваны «мігалкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG