Лінкі ўнівэрсальнага доступу

293 рублі 87 капеек — такую пэнсію атрымлівае жанчына за сына, які ваяваў у Аўганістане і памёр ад ран


Маці «аўганца»: Перад Новым годам не было нават хлеба за што купіць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:31 0:00

15 лютага — 28-я гадавіна вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, Беларусь на той 9-гадовай вайне страціла 771 салдата і афіцэра.

Тысячы былых вайскоўцаў, параненых і пакалечаных, пайшлі з жыцьця ў наступныя гады, калі ўжо вярнуліся дадому. Сярод іх і старшы лейтэнант Віктар Быстранкоў з Гомелю — адзіны сын у маці Марыі Венядзіктаўны Быстранковай.

Марыя Венядзіктаўна, якой ужо восемдзесят трэці год, жыве адна ў невялічкай кватэры на вуліцы Нова-Чарнігаўскай. У кватэры чыста і ўтульна, на сьценах партрэты сына Віктара ў вайсковай форме ды іншых сваякоў, які зьвязалі свой лёс з былой савецкай арміяй. У вітальні над трумо — партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

«Спэцыяльна павесіла, каб міліцыянты баяліся, — кажа Марыя. — Тут адзін міліцэйскі маёр хацеў засудзіць мяне за абразу, дык я й павесіла, бо міліцыянты часьцяком мяне турбавалі. За Лукашэнку я калісьці галасавала, але цяпер расчаравалася. Вось я маці аўганца, адна засталася, а пэнсія за сына ў мяне такая, што ледзьве канцы сточваю. Такі вось мне гонар».

Быстранкова паказвае пэнсійны квіток за 3 студзеня: 293 рублі 87 капеек.

Марыя Быстранкова
Марыя Быстранкова

«У другой палове студзеня прынесьлі дабаўку —— 10 рублёў 08 капеек. Вось і круціся, як хочаш. У мяне летась ушчэнт зламалася старая лядоўня. Мусіла браць у крэдыт новую. Ды драўляныя дзьверы на балькон давялося мяняць, бо ўжо не зачыняліся. Вось і кукую цяпер пасьля такіх расходаў. Дык няўжо ж нельга прыняць у дзяржаве закон, каб маці аўганцаў ды ўсіх іншых сыноў, што аддалі свае жыцьці за Радзіму, мелі годныя пэнсіі?»

Марыя Быстранкова ня раз узьнімала гэтае пытаньне перад мясцовымі органамі ўлады, дэпутатамі парлямэнту. Апошнія ўмудраліся сьпіхваць яе лісты ў Міністэрства абароны. А там яшчэ ў 2010 годзе прынялі рашэньне не ўступаць у перапіску з Быстранковай, але ўсё ж тлумачылі, што пэнсія з выпадку страты карміцеля, парадак і памер налічэньня вызначаны заканадаўствам. Маці крыўдна, але міністэрства зьмяніць нічога ня ў стане. Бо пацярпелым, у гэтым выпадку Марыі Быстранковай, выплачваецца 50 адсоткаў ад заробку памерлага сына плюс сто адсоткаў мінімальнага памеру пэнсіі па ўзросьце.

«У маленстве я сама вайну перажыла, — скрушна кажа Марыя Венядзіктаўна, — і ня думала, што гэтага ліха давядзецца зазнаць напоўніцу і майму сыну. Ён як вярнуўся з таго Аўганістану, то сказаў: „Мама, мне жыць засталося мала, я памру раней за цябе“. Усю галаву яму асколкамі пасекла. Расказваў крыху, як іх закідалі верталётамі ў горы. Харчоў дадуць і пакідаюць на тыдзень. Яны там сьнег растоплівалі, пілі брудную ваду, на іх было вошай поўна. Яны хварэлі. Сын жаўтуху там перанёс. Вярнуўся ўвесь паранены ды хворы. Памёр у верасьні 2000 году ў менскім вайсковым шпіталі».

Сама Марыя Венядзіктаўна большую частку свайго жыцьця працавала на млынкамбінаце, мяшкі з грэчкай варочала. Пазьней крыху лягчэйшую працу знайшла — была кладаўшчыцай ды прыбіральшчыцай на заводзе вымяральных прыбораў. З мужам Марыя разышлася і гадавала сына адна. Цяпер наагул засталася адна. Сын хоць і быў жанаты з жанчынай, зь якой пазнаёміўся ў Аўганістане, але дзяцей яны ня мелі. На дадатак — здымак і відэа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG