Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пагутарыў са старшынёй Канстытуцыйнага суду пра дармаедаў


Анатоль Лябедзька

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і ягоная намесьніца Антаніна Кавалёва 40 хвілін абмяркоўвалі са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам «дэкрэт аб дармаедах».

Сёньня раніцай лідэры АГП прыйшлі на прыём у Канстытуцыйны суд, каб абмеркаваць Дэкрэт № 3.

«Мы маглі чакаць, што нас сустрэне які-небудзь намесьнік намесьніка аддзелу, мы нават у заклад пайшлі. Але, тым ня менш, там быў сам Пётра Міклашэвіч. Гэта плюс, — кажа Лябедзька. — Што тычыцца астатняга — тут можна паціснуць плячыма. Мне гэта нагадвала сустрэчу з намесьнікам старшыні Канстытуцыйнага суду па ідэалягічнай працы. Бо 5-7% ён казаў аб прававым боку праблемы, а астатняе — аб палітычным, што, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што ў нас суды вельмі ідэалягізаваныя. Галоўны вынік: мы перадалі наш пісьмовы зварот, наша абгрунтаваньне, чаму гэты дэкрэт мусіць быць адменены і чаму Канстытуцыйны суд мусіць заняцца гэтай справай».

Лябедзька кажа, што размова зь Міклашэвічам атрымалася цікавая.

«Паколькі ён пачаў выступаць як мяккі адвакат гэтай сыстэмы, то было добра пабыць апанэнтам Міклашэвічу, тым больш што такое здараецца рэдка. Міклашэвіч рабіў спасылку на артыкул, які гаворыць пра абавязак людзей удзельнічаць у фармаваньні бюджэту. Ён спрабаваў расшыфроўваць, што такое сацыяльная дзяржава, што гэта ня проста, што дзяржава клапоціцца і робіць пэўныя высновы, што ў савецкія часы ён за такія зьявы выносіў прысуды і людзі нават у турме сядзелі (я пры гэтым не пачуў, каб ён праз гэта моцна перажываў). Мы зьвярталі ўвагу на тое, што Канстытуцыйны суд сёньня здае свой галоўны экзамэн, бо такой вострай праблемы яшчэ не было», — распавёў ён Свабодзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG