Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўлады забаранілі праваабаронцу тлумачыць людзям правы «дармаедаў»


Леанід Сьвецік

Праваабаронца Леанід Сьвецік падаў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністрацыю Віцебску, каб правесьці 15 лютага пікет для тлумачэньня дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

У адказ ён атрымаў паведамленьне аб забароне мерапрыемства.

У лісьце, падпісаным намесьніцай кіраўніка адміністрацыі Натальляй Ляпёшкінай, забарона тлумачыцца там, што Леанід Сьвецік не далучыў да сваёй заяўкі дамоваў са службамі ЖКГ, аховы правапарадку і аховы здароўя, як таго патрабуе рашэньне гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».

Гэта ўжо даўняя і сталая падстава для адмоваў актывістам, якая базуецца на супярэчнасьці рашэньняў мясцовых чыноўнікаў і беларускага заканадаўства: у законе аб масавых мерапрыемствах нічога падобнага не патрабуецца, аднак Віцебскі гарвыканкам распрацаваў дакумэнт, які ўжо 8 гадоў абмяжоўвае правы жыхароў на публічнае выказваньне поглядаў.

Ведаючы, што чыноўнікі могуць чарговы раз спаслацца на гэтае рашэньне райвыканкаму, у сваёй заяўцы Леанід Сьвецік загадзя зазначыў, што забарону на падставе адсутнасьці дамоваў зь пералічанымі службамі лічыць парушэньнем сваіх правоў. Аднак у раённай адміністрацыі гэтага да ўвагі не прынялі.

Паводле праваабаронцы, ён зьбіраўся патлумачыць віцяблянам сэнс дэкрэту ды іхныя магчымасьці аспрэчыць так званыя «лісты шчасьця» — паведамленьні пра падатак на «дармаедзтва». Спадар Сьвецік лічыць гэта актуальным, бо ў так званыя «дармаеды» залічана больш як 450 тысяч жыхароў Беларусі.

Выказаць сваю нязгоду з дэкрэтам віцябляне могуць хіба толькі падпісаўшыся за ягоную адмену: збор подпісаў у горадзе ўжо некалькі тыдняў праводзяць віцебскія актывісты.

Зрэшты, сустракаюцца выпадкі, калі беларусы выбіраюць шлях індывідуальнага пратэсту і публічнага абвяшчэньня сваёй грамадзянскай пазыцыі. Так, у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ў групе «Типичный Витебск» выкладзены відэазварот Максіма Філіповіча з Гомелю.

Відэазваротаў называецца «Я вырашыў сплаціць падатак на дармаедзтва». У сваім маналёгу на фоне гарадзкой ускраіны хлопец разважае пра незаконнасьць грашовых спагнаньняў зь беспрацоўных. І прапануе, каб у выпадку, калі ён сплаціць «дармаедзкі» падатак, яму залічылі 183 дні працоўнага стажу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG