Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэкрэт № 3 будзе ўдасканальвацца», — дэпутат Старавойтаў пра збор подпісаў за сваё адкліканьне


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Старавойтаў
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Старавойтаў

«Мне, доктару, які ўступіў у палітыку, сумна глядзець, якімі мэтадамі апанэнты спрабуюць заваяваць давер насельніцтва», — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Старавойтаў выказаў сваё стаўленьне да спробы магілёўскіх актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі адклікаць яго з парлямэнту.

Апазыцыянэры распачалі кампанію зьбіраньня подпісаў, каб пазбавіць яго мандату, бо лічаць, што ягоная пазыцыя адносна дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» супярэчыць інтарэсам выбарцаў. Паводле апанэнтаў дэпутата, ён як народны абраньнік павінен быў найперш адстойваць інтарэсы народу, а не чыноўнікаў.

Збор подпісаў за адкліканьне дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава
Збор подпісаў за адкліканьне дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава

Актывісты АГП сьцьвярджаюць, што іхную ініцыятыву падтрымалі подпісамі блізу двухсот выбарцаў акругі, па якой абіраўся Старавойтаў.

Гэта «палітычная непісьменнасьць» апанэнтаў

Пра ініцыятыву магілёўскіх апазыцыянэраў Аляксандар Старавойтаў ведае з публікацыяў у інтэрнэце. «Гэта іхнае права», — адрэагаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў на пытаньне пра стаўленьне да кампаніі збору подпісаў за імпічмэнт.

«У нас ёсьць свабода права, таму кожны грамадзян можа рабіць усё, што адпавядае заканадаўству», — дадаў ён.

— Вашы апанэнты вінавацяць вас у тым, што вы не зрабілі захадаў, каб прадухіліць прыняцьце дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Паводле вашых апанэнтаў, вы, будучы народным абраньнікам, не абаранілі інтарэсы народу.

— На жаль, яны (апанэнты. — РС) ня ведаюць, як дзейнічае парлямэнт, як фармуецца заканадаўства, хто піша дэкрэты, а хто законы. Паляпшаць сваю палітычную пісьменнасьць яны не зьбіраюцца. Дэпутат не адмяняе дэкрэтаў прэзыдэнта. Але калі яны лічаць, што можа, то гэта іхнае права.

Вялікі выбарчы плякат кандыдата ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава ў цэнтры Магілёва
Вялікі выбарчы плякат кандыдата ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава ў цэнтры Магілёва

Са свайго боку я лічу, што дэпутат, па-першае, павінен трымацца законаў і існуючай практыкі ў Беларусі, якая зацьверджана Канстытуцыяй і іншымі нарматыўнымі актамі. Па-другое, на сёньня, акрамя іхных зваротаў, да мяне былі і прыватныя звароты грамадзян, якія апынуліся ў цяжкой эканамічнай сытуацыі. Такія звароты ад кожнага грамадзяніна былі разгледжаныя ў гарадзкім выканаўчым камітэце. Некаму быў дадзены адказ, што яны вызваляюцца ад сплаты падатку, камусьці не. Тым ня меней адказы атрымалі ўсе.

Мне, доктару, які ўступіў у палітыку, іншым разам сумна глядзець, якімі мэтадамі апанэнты спрабуюць заваяваць давер насельніцтва. Але мая асноўная задача — сумленна выконваць сваю працу.

Дэкрэт нумар 3 і далей будзе ўдасканальвацца

— Як вы самі ставіцеся да гэтага дэкрэту? Ці своечасовы ён? Ці варта яго адмяніць або істотна адкарэктаваць, паколькі сытуацыя на рынку працы далёка не пазытыўная?

— Маё стаўленьне да гэтага закону дваякае.

Па-першае, тыя, хто хоча «выказаць агульную незадаволенасьць народных масаў», яго наўмысна называюць «Дэкрэтам аб дармаедах». Але насамрэч ён жа называецца інакш — «Аб суфінансаваньні дзяржаўных расходаў». І я як грамадзянін, які працуе і адлічвае сродкі на суфінансаваньне дзяржаўных расходаў на адукацыю, ахову здароўя, культуру, карацей, на ўсё, што ідзе празь бюджэт, лічу, што такія расходы павінны фінансавацца кожным грамадзянінам.

Цяпер сытуацыя на рынку працы даволі складаная, і былі ўнесеныя папраўкі, якія абавязваюць разглядаць індывідуальна сытуацыю кожнага грамадзяніна і вырашаць, вызваляць яго ці не вызваляць ад падатку.

Тое, што суфінансуюцца расходы — гэта правільна. І тое, што на сёньняшні дзень існуе індывідуальны падыход — гэта таксама слушна, як і папраўкі, якія былі ўнесеныя ў дэкрэт.

У «Вялікай гутарцы з прэзыдэнтам» кіраўнік дзяржавы казаў, што любы закон ня можа аднамомантна прадугледзець усе нюансы, таму гэты дэкрэт і далей будзе ўдасканальвацца. І я мяркую, што ўрэшце ўсё прыйдзе да залатой сярэдзіны, пры якой дэкрэт будзе эфэктыўным і ў той жа час ня будзе ствараць непераадольных перашкодаў для людзей.

Ахова здароўя ня можа ўсім даць неабходную пілюлю

— А як доктар пачуваецца ў палітыцы? Наколькі гэта ваша справа?

— Разумееце, на жаль, без палітыкі цяпер нікуды. На сёньняшні дзень фармаваньне бюджэту і адстойваньне інтарэсаў галіны, якія я як прафэсіянал бачу, — справа неабходная.

— На якія праблемы мэдыцыны, на вашу думку, дзяржаве варта было б зьвярнуць увагу найперш?

— На сёньняшні дзень мы актыўна займаемся тым, каб пашырыць паўнамоцтвы ўрача.

Для дзяржавы ж найбольшая каштоўнасьць — чалавечы патэнцыял, таму чым здаравейшы будзе чалавек і чым даўжэй ён будзе жыць, тым лепей для дзяржавы. Таму чалавечы капітал асноўны, і задача аховы здароўя — яго захаваць.

Але ахова здароўя ня можа ўсім даць неабходную пілюлю, таму наша задача — навучыць людзей яшчэ і берагчы здароўе. Я заўжды тлумачу, што ў паліклініцы здароўе не прыдбаеш ні за грошы, ні бязь іх. Здароўе, як і гонар, варта берагчы з маладосьці. Таму варта вучыць людзей устаноўкам на ахову здароўя, каб яны іх разумелі.

Другое — падрыхтоўка лекараў, якія могуць рашыць працэнтаў семдзесят праблемаў са здароўем самастойна, не адпраўляючы да іншых спэцыялістаў.

І яшчэ адна задача — пераабсталяваньне і кампутарызацыя галіны. Папяровыя носьбіты — гэта добра, але павінна быць электронная карта пацыента, па якой ён сам можа кантраляваць свой стан, аналізы, бачыць, што яму прызначылі. А іншы доктар, у якога ёсьць доступ да электроннай базы, каб мог бачыць, на што пацыент хварэў.

— А як наконт занадта малых, як сьцьвярджаюць самі мэдыкі, заробкаў? Наконт працы ва ўмовах стрэсу, паколькі не хапае мэдыкаў, асабліва вузкай спэцыялізацыі?

— Тое, што заробкі малыя, дык мы жывём у сваёй краіне. І ўва ўсіх у нашай краіне невысокія заробкі, калі мы параўноўваем, скажам, зь Нямеччынай. Хаця, калі паглядзець па расходах, якія ідуць на мэдыцыну, дык мяркую, што нашы і іхныя эквівалентныя. Я даволі часта кантактую зь нямецкімі калегамі і калегамі зь іншых краінаў Эўропы.

Але пытаньне нават ня ў гэтым. Вузкія спэцыялісты павінны рашаць тое, чаго ня можа урач-тэрапэўт, ці, як цяпер мы пачынаем яго называць — сямейны лекар або лекар агульнай практыкі. Усе сканчалі адны і тыя ж навучальныя ўстановы, і нас вучылі мэдыцыне ўвогуле — не раскладаць чалавека на асобныя органы, а лячыць яго ў цэлым. Троху завузілі спэцыялізацыі — калі ў вас, напрыклад, зашчаміла нешта, то накіроўваюць да нэўроляга, а калі павысіўся ціск, то да кардыёляга. Але насамрэч урач агульнай практыкі можа ўсё гэта вырашыць сам...

Падставаў для адмены дэкрэту няма

У Палаце прадстаўнікоў Аляксандар Старавойтаў працуе ў Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы. Да свайго дэпутацтва працаваў галоўным урачом Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі. Падчас перадвыбарчай кампаніі ініцыятыўная група патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты сабрала ў яго падтрымку 15 тысяч подпісаў. Апанэнты Старавойтава кажуць, што подпісы зьбіраліся з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу.

Аляксандар Старавойтаў выказаў сваю пазыцыю наконт дэкрэту № 3 у адказе на калектыўны зварот жыхароў Магілёва разам са сваімі калегамі па дэпутацтве Вольгай Петрашовай ды Пятром Салаўёвым.

Спаслаўшыся на артыкул 56 Канстытуцыі Беларусі, дэпутаты адзначылі, што грамадзяне павінны ўдзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных расходаў праз сплату дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў. Яны запэўнілі, што, паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у студзені-лістападзе 2016 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 году зьнізілася колькасьць зваротаў у службу занятасьці па садзейнічаньне ў працаўладкаваньні, колькасьць рэгістрацыі беспрацоўных, а попыт на працоўную сілу павялічыўся.

«Лічым, што Дэкрэт ня ўтрымлівае палажэньняў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым абавязаньням Рэспублікі Беларусь, і падставаў для яго адмены няма», — напісалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG