Пра гэта на брыфінгу ў Маскве сказала прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава. «Мы свае тэрыторыі не вяртаем. Крым зьяўляецца тэрыторыяй РФ. Усё», — сказала Захарава, камэнтуючы адпаведную заяву Белага дома.
14 лютнага прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даў зразумець, што чакае ад Расеі вяртаньня Крыму ва Ўкраіну і дээскаляцыі канфлікту.
«Прэзыдэнт Трамп зрабіў гэта вельмі ясна, што ён чакае ад ураду Расеі дээскаляцыі гвалту ва Ўкраіне і вяртаньня Крыму», — сказаў Спайсэр на штодзённай прэс-канфэрэнцыі. У той жа час, падкрэсьліў ён, прэзыдэнт ЗША імкнецца да добрых адносінаў з Расеяй і чакае іх.