Капітан Дэні Эрнандэс, прадстаўнік Эўрапейскага камандаваньня ЗША, паведаміў аб трох асобных інцыдэнтах 10 лютага з удзелам расейскіх самалётаў і эсьмінца USS Porter. У двух выпадках у манэўраваньні ўдзельнічалі расейскія Су-24 і ў трэцім Іл-38.
«Эсьмінец USS Porter зрабіў запыты паветраным судам, але не атрымаў ніякага адказу», — сказаў Эрнандэс. «Такія інцыдэнты выклікаюць занепакоенасьць у сувязі з тым, што могуць прывесьці да няшчаснага выпадку або праліку».
Прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі генэрал-маёр Ігар Канашэнкаў паведаміў, што не было ніводнага выпадку аблёту расейскімі вайсковымі самалётамі ў Чорным моры эсьмінца Porter ваенна-марскога флёту ЗША.