Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў глядзелкі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Колішні вядомы моладзевы актывіст Іван Шыла справакаваў дыскусію ў беларускім фэйсбуку пра ўдзел-няўдзел у збройнай абароне краіны. Спрошчана кажучы, калі заўтра вайна, то ісьці ў ваенкамат ці на вакзал?

Пакідаючы кожнаму самому рабіць этычны выбар, зьвярну ўвагу на агульную для ўсіх камэнтатараў акалічнасьць — усе разьлічваюць, што будуць мець пэўны час для выбару. «Я б пайшоў ваяваць», «чэргі ў ваенкаматы», «агульная мабілізацыя». Дый сам Іван Шыла кажа: «Я ўжо праз гадзіну зьеду зь Беларусі».

Агульнае адчуваньне, што сучасным беларусам магчымая вайна ўяўляецца як штосьці на ўсходніх межах, якое павольна сунецца ў той ці іншы бок. І што ў цябе ёсьць час на тое, каб уцячы, ці наадварот — пайсьці ў ваенкамат.

Відаць, падобнае ўяўленьне зьвязанае з навінамі з Украіны. Толькі ў Беларусі калі штосьці будзе, то не як у Крыме ці на Данбасе. Проста таму, што Беларусь — гэта Беларусь. Беларускія «крымнашы» раскіданыя па ўсёй тэрыторыі краіны, а не сабраныя кампактна. Беларуская тэза «за саюз з Расеяй» — гэта ня тое самае, што «далучыцца да Расеі».

Згодна з апошнім сацыялягічным дасьледаваньнем, толькі 5-7% беларускіх грамадзян гатовыя хоць заўтра далучыць Беларусь да РФ. Дый наагул, у адрозьненьне ад Украіны, Беларусь супэрцэнтралізаваная краіна.

Па-другое, беларускія ўлады падрыхтаваныя, таму цёці з начосамі і дзядзі ў трэніках ня змогуць сабрацца разам, каб дапамагчы «запоребрикам» захапіць хоць які адміністрацыйны будынак. Калі думаць, што Расея наважыцца на сілавыя дзеяньні, то спроба захопу Беларусі будзе толькі знутры краіны, з цэнтру Менска.

Гэта можа быць спроба ціхага перавароту, калі Іван Шыла зойдзе ў свой улюбёны бар у адной краіне, а выйдзе ў іншай, так і не атрымаўшы магчымасьці зьехаць. Але больш верагодна, што спачатку будзе спроба стварыць хаос.

Sergei Grits: «Патрыёты да ваенкаматаў ня дойдуць. Альбо іх пераб'юць суседзі, альбо перахопяць пацаны на тачках 5-га рэгіёну, аматары калярадзкіх стужак».

Пакуль беларусы глядзяць расейскія навіны і палітычныя ток-шоў, у Беларусі заўсёды будзе пагроза прарасейскіх выступаў. Зь іншага боку, прабеларуская частка грамадзтва хоць усё яшчэ ў меншасьці, яна больш зьяднаная, і самае галоўнае — загартаваная ў «баях» з рэжымам. Сутыкнуць дзьве часткі адной нацыі — і ніякіх акупацый ня трэба. Адна частка афіцыйна запросіць «дапамогу», вось расейскія войскі і ў Беларусі.

Палітычны аналітык Юры Царык адзначае, што беларуская ўлада ня можа агучваць свае захады па падрыхтоўцы адпору магчымай расейскай агрэсіі. Бо сам факт агучваньня можа спарадзіць дыпляматычны скандал.

Але гэтае «маўчаньне ў эфіры» спараджае дыскамфорт у грамадзтве. У кагосьці — разгубленасьць і паніку, адчуваньне сваёй адзіноты перад чымсьці жахлівым, што няўмольна насоўваецца. У кагосьці, наадварот, памылковае адчуваньне што ў Беларусі з Расеяй нічога прынцыпова не зьмянілася ва ўзаемадачыненьнях.

Зь іншага боку, і расейцы ня могуць першымі зрабіць нейкі рэзкі рух, які б дазволіў афіцыйнаму Менску заявіць: «Яны першымі пачалі».

А нам застаецца пакуль сачыць за тым, хто «першы міргне».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG