Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі замаўляе 20 тысяч мэдалёў для тых, хто вызначыўся ў Сырыі

Мінабароны Расеі абвясьціла тэндэр на закупку больш як 20 тысяч мэдалёў для ўдзельнікаў ваеннай апэрацыі ў Сырыі. Паводле інфармацыі, апублікаванай на сайце дзяржаўных закупак, Мінабароны плянуе закупіць мэдалі, знакі адрозьненьня, памятныя знакі, блянкі пасьведчаньняў і футаралы на 45 млн рублёў, у тым ліку:

  • 20 тысяч мэдалёў «Удзельніку ваеннай апэрацыі ў Сырыі» (4,5 млн рублёў),
  • 50 мэдалёў «За вызваленьне Пальміры» (11 тысяч рублёў),
  • 50 мэдалёў «За разьмінаваньне Пальміры» (11 тысяч рублёў).

Сярод неабходных мэдалёў таксама значацца і іншыя мэдалі, напрыклад, «За службу ў Паветрана-касьмічных сілах», «За воінскую доблесьць» I ступені, «За службу ў войсках радыёэлектроннай барацьбы», «За марскія заслугі ў Арктыцы», знакі адрозьненьня «за далёкі паход» з выявай надводнага карабля і падводнай лодкі, адзіны знак адрозьненьня міністэрстваў абароны дзяржаў — членаў ШОС «за ўмацаваньне дружбы і супрацоўніцтва» і іншыя.

Выканаўца будзе вызначаны па выніках аўкцыёну 13 сакавіка.

У кастрычніку 2016 году крыніцы РБК паведамлялі, што колькасьць расейскага кантынгенту ў Сырыі складае 1600 чалавек. Паводле дадзеных агенцтва Reuters, у лістападзе 2015 году на расейскай базе знаходзіліся каля 4 тысяч чалавек. У верасьні 2016 году, паводле дадзеных ЦВК, на расейскай базе ў Хмэйміме прагаласавалі 4378 чалавек.

Мэдаль «Удзельніку ваеннай апэрацыі ў Сырыі» заснаваны ў 2015 годзе. На адным баку намаляваныя тры зьнішчальнікі і баявы карабель на контуры межаў Сырыі.

XS
SM
MD
LG