Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі публіцыст: «Акупацыя Беларусі ня ўзрадавала б расейцаў, імпэрская ідэя вычарпалася»


Каляж: «Российский Ждун»
Каляж: «Российский Ждун»

Праз тры гады пасьля анэксіі Крыму расейскія ўлады сталі прадукаваць менш зьнешнепалітычных эфэктаў. А яны спараджалі ўсплёскі патрыятызму, якія дазвалялі расейскаму грамадзтву мірыцца з эканамічнымі праблемамі, піша аглядальнік расейскай Свабоды Валянцін Барышнікаў.

Нядаўняе ўсталяваньне кантролю на мяжы зь Беларусьсю, якое спарадзіла жарты пра магчымасьць зьяўленьня там «ветлівых людзей», ня выклікала асаблівай грамадзкай цікавасьці ў Расеі. Патрыятычны ўздым трохгадовай даўніны можа не дацягнуць да прызначаных на наступны год прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, якія трэба будзе праводзіць на фоне эканамічнага крызысу, які моцна зацягнуўся.

«Калі ўсьлед за Кіевам сыдзе і Менск, у дзьверы да адзінокай і сумнай Масквы пастукаецца яе „былы“: Улан-Батар. Зь ім Маскве будзе лягчэй. Ня трэба будзе прыкідвацца, гуляць, мучыць сябе. Можна будзе расслабіцца і проста быць сабой», — напісаў у «Фэйсбуку» публіцыст Максім Гаруноў падчас гісторыі зь беларускай мяжой.

У 2014 годзе пасьля крымскіх падзей, кажа Гаруноў у інтэрвію Радыё Свабода, радасьць чыталася на тварах, гэта было заўважна на вуліцах, людзі павязвалі георгіеўскія стужачкі. Але ўсплёск узбуджэньня пратрымаўся паўгода-год — да таго, як пачаў «гуляць» курс валют:

— Пасьля гэтага ніякага энтузіязму ў насельніцтва Расейскай Фэдэрацыі няма. Вы бачылі гэты мэм — «Ждун», істота з сумнымі вачыма, якая сядзіць і чакае. Было цудоўнае назіраньне з нагоды таго, што прыкладна ў такім становішчы цяпер знаходзіцца расейскае грамадзтва: яно проста чакае, калі гэта ўсё скончыцца — калі здымуць санкцыі, калі можна будзе выяжджаць у Эўропу, ня мучыцца ад страшнага перападу з курсам валюты, калі зьявіцца праца, калі ўсё вернецца назад у блаславёны 2013 год. Ніякага энтузіязму з нагоды Сырыі, ніякага энтузіязму ў дачыненьні да Ўкраіны, ніякага энтузіязму з нагоды Беларусі няма.

Расейскае грамадзтва пачынае нагадваць паводле сваіх эмоцыяў грамадзтва беларускае — да таго, як з Лукашэнкі зьнялі санкцыі. Ёсьць настрой некаторай наканаванасьці.

Калі мы возьмем самыя папулярныя гумарыстычныя шоў, найбольш пасьпяховыя, тыя, што трапляюць на фэдэральныя каналы, яны перапоўненыя вялікай яхіднасьцю ў дачыненьні да таго, што адбываецца ў Расеі. На канале ТНТ, нягледзячы на яго дэклараваную праўладнасьць, вельмі жорстка жартуюць пра тое, наколькі расейскае войска баяздольнае. У шоў «Уральскія пельмені» на канале СТС пастаянныя зьдзекі з нагоды мэльдонія, таго, што расійскія спартоўцы яго прымаюць усе. Грамадзтва, апатычнае і ўжо зьлёгку, напэўна, стомленае чакаць, — такая накатваецца туга, адчуваньне, што можна прачакаць вельмі доўга і нічога не дачакацца. Расейскае грамадзтва пачынае нагадваць паводле сваіх эмоцыяў грамадзтва беларускае — да таго, як з Лукашэнкі зьнялі санкцыі. Ёсьць настрой некаторай наканаванасьці, стала менш звычайнага маскоўскага бляску, радасьці ў вачах.

— Вы ўзгадваеце ў якасьці прыклада Беларусь. Але ў Беларусі гэта не прыводзіць ні да якіх палітычных наступстваў. Чакаюць і чакаюць, прычым даўно ўжо чакаюць, працягваюць чакаць, і ўсё ва ўладаў добра.

— Па-першае, Беларусь — чэмпіён па атрыманьні працоўных віз у Эўразьвяз, сотні тысяч людзей зьехалі вучыцца, жыць і працаваць у суседнюю Польшчу, Чэхію, Нямеччыну і гэтак далей. Гэта значыць, яны ня проста чакаюць. А па-другое, нельга ігнараваць палітычную актыўнасьць у Беларусі. Я ўдзельнічаў у некалькіх мітынгах і скажу, што нават пры самым злым Лукашэнку там зьбіралася некалькі тысяч чалавек, нягледзячы на тое, што большасьці пагражаў адміністрацыйны перасьлед, людзі выходзілі, сьпявалі беларускія песьні і гэтак далей. Сказаць, што Беларусь цалкам патанала ў змроку і цемры, абсалютна ніяк ня рухалася, нельга. Жыцьцё заўсёды ёсьць і бʼецца. Там таксама чакаюць. Я чуў выступ аднаго беларускага апазыцыянэра, ён проста крычаў: я чакаю 25 гадоў. І яму давядзецца чакаць яшчэ гадоў 25, таму што Аляксандр Рыгоравіч дэманструе проста здароўе волата і нацэлены на доўгажыхарства. Але, тым ня менш, гэты беларус казаў пра тое, што будзе чакаць, чакаць і чакаць, чаго б гэта ні каштавала.

— Гэта толькі пацьвярджае мае словы.

Калі ёсьць магчымасьць чакаць, гэта паказвае, што людзі ня мёртвыя, нейкі агонь у іх тлее.

— Калі ў цябе ёсьць сілы чакаць — гэта паказчык таго, што ў цябе ёсьць сілы. Чалавек, які нічога не чакае, ён зусім па-іншаму сябе паводзіць. А калі ёсьць магчымасьць чакаць, гэта паказвае, што людзі ня мёртвыя, нейкі агонь у іх тлее. Калі ўдала складуцца абставіны, калі падзьме моцны вецер, то полымя разгарыцца, усё будзе так, як павінна быць.

— Тады была гісторыя зь беларускай мяжой, пачалося падспуднае абмеркаваньне, ці не чакаць і там «зялёных чалавечкаў». Ці яе будзе дастатковым для Крамля — каб працягнуць патрыятычны ўздым яшчэ год да прэзыдэнцкіх выбараў — вынайсьці новага нейкага ворага, напрыклад, у выглядзе Беларусі зь нявызначаным варожым Захадам у яе за сьпіной?

— Я ня ўпэўнены, што акупацыя Віцебску ці, хутчэй, Гомелю, таму што гэта абсалютна рускамоўны прамысловы горад накшталт Данецку, толькі ў Беларусі, кагосьці ўзрадуе ў Расеі. Паколькі імпэрская ідэя, як мне здаецца, вычарпалася, акупацыя зямель ня дасьць такога ўздыму, які быў бы супастаўны з Алімпіядай і зь першымі тыднямі Крыму. Гэта нецікава нікому — маё асабістае меркаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG