Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У красавіку ў Беларусь зноў прыедуць расейскія дэсантнікі


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія дэсантнікі Пскоўскага злучэньня ВДВ падчас сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў дэсантных войскаў на палігоне "Брэсцкі". 6 красавіка 2016 году

У красавіку ў Берасьцейскай вобласьці ў тактычных манэўрах беларускіх сілаў спэцыяльнага прызначэньня возьмуць удзел расейскія дэсантнікі з Тульскай дывізіі.

Пра гэта паведаміла «РИА Новости». Паводле агенцтва, удзел расейскіх дэсантнікаў у гэтых манэўрах абмяркоўвалі на канфэрэнцыі вайскоўцаў, якая прайшла ў Берасьці 8-9 лютага на базе 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Падчас канфэрэнцыі ішла гаворка і пра ўдзел расейскіх дэсантнікаў у сумесных зь беларускамі манэўрах на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, дзе разьмешчаная 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада. Час гэтых манэўраў не паведамляецца; паводле ранейшых зьвестак, яны маюць прайсьці ў сакавіку-красавіку.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Цягам апошніх 5 гадоў назіраецца трывалы рост сумесных манэўраў беларускіх і расейскіх дэсантнікаў. Сама меней 1, 2 разы, а сёлета, магчыма, пройдуць і 3 такія сумесныя вучэньні. У пляне навучаньня для нашых гэта добра, бо ў расейцаў сучасныя зброя і тэхніка, ёсьць чаму павучыцца. Што да палітычнага аспэкту, ня стану ацэньваць, але відавочна, што актыўнасьць у гэтым кірунку павялічваецца», — пракамэнтаваў зьвесткі пра ўдзел расейскіх дэсантнікаў у манэўрах беларускіх сіл спэцапэрацыяў незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.

Мінабароны Беларусі пакуль не паведамляе, калі дакладна адбудуцца сумесныя манэўры, але пацьвярджае факт іх абмеркаваньня з удзелам расейскіх вайскоўцаў.

У 2017 годзе на тэрыторыі Беларусі таксама пройдуць буйныя сумесныя манэўры «Захад-2017», у якіх будзе задзейнічана больш за 10 тысяч беларускіх і, паводле ацэнак назіральнікаў, да 8 тысяч расейскіх вайскоўцаў, каля 150 расейскіх танкаў ды іншая баявая тэхніка. Кіраўніцтва некаторых краінаў Эўразьвязу, у прыватнасьці Літвы, ужо выказала занепакоенасьць у сувязі з правядзеньнем гэтых манэўраў.

Моладзь БНФ распачала кампанію збору подпісаў супроць удзелу ў манэўрах «Захад-2017» расейскіх вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG