Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 210 гадоў з дня нараджэньня Напалеона Орды


Напалеон Орда. Фрагмэнт карціны Ляілі і Валянціна Варэцаў
Напалеон Орда. Фрагмэнт карціны Ляілі і Валянціна Варэцаў

Падзея дня. 210 гадоў з нараджэньня Напалеона Орды

11 лютага 1807 году ў Варацэвічах Пінскага павету нарадзіўся Напалеон Орда — выбітны беларускі мастак, пісьменьнік, кампазытар і пэдагог. Напалеон Орда таксама вядомы як паўстанец. Быў адлічаны зь Віленскага ўнівэрсытэту за ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве, 15 месяцаў правёў у турме. У часе паўстаньня 1830–31 гадоў камандаваў партызанскім атрадам, атрымаў ордэн Залатога Крыжа і чын капітана паўстанцкай арміі.

Пасьля разгрому паўстаньня Напалеон Орда правёў 24 гады ў Францыі, быў дырэктарам Італьянскай опэры ў Парыжы, але вярнуўся ў родныя Варацэвічы ў 1856-м. Памёр у 1883 годзе. Пахаваны ў фамільным склепе ў Янаве, у цяперашнім Івацэвіцкім раёне.

Афіша

Алексіевіч, Гжэндовіч, Арлоў, Татарнікаў і іншыя на Менскім кніжным кірмашы

У Менску працягваецца чарговы Міжнародны кніжны кірмаш. А 10-й раніцы ў суботу пачнецца аўтарская сустрэча з польскім пісьменьнікам-фантастам Яраславам Гжэндовічам, аб 11-й — аўтограф-сэсія беларускай ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятланы Алексіевіч, а 12-й — прэзэнтацыя беларускіх перакладаў «Караліны», «Алісы» і «Кронік Нарніі», ад 14-й — аўтограф-сэсія аўтараў кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя» Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава. Расклад іншых імпрэзаў на кірмашы — тут.

Нацыянальны выставачны цэнтар «БелЭкспа»
Праспэкт Пераможцаў, 14.

Гутарка пра стрыт-арт і дзяржаву

Аўтар кнігі «The Steet Art World» (2016) доктар Пітэр Бэнґстэн, арганізатар фэстывалю Urban Myths Алег Ларычаў і выкладчык БНТУ Павал Вайніцкі абмяркуюць межы этыкі і формы ўзаемадзеяньня стрыт-арт-культуры зь дзяржавай, магчымасьць інтэграцыі стрыт-арту ў адукацыю.

Прастора ЦЭХ
Кастрычніцкая вуліца, 16
Пачатак а 12:00

Перакладніцкі батл «Паэты плянэты»

У межах Стральцоўскага фэсту ў суботу пройдзе батл перакладнікаў між зборнымі Францыі (Зьміцер Колас — Рансар, Уладзімер Лянкевіч — Апалінэр, Андрэй Хадановіч — Бадлер), Нямеччыны (Лявон Баршчэўскі — Гёльдэрлін, Сяргей Жадан — Брэхт, Ігар Крэбс — Гайнэ)ды Злучаных Штатаў і Злучанага Каралеўства (Вера Бурлак — Кэрал, Кацярына Маціеўская — Кітс, Ганна Янкута — По). Алесь Емяльянаў-Шыловіч прачытае пераклады Галіны Пасьвятоўскай з Польшчы, Сяргей Прылуцкі — паўночнакарэйскага паэта Кім Чжун Хо, а расейская сьпявачка Умка прачытае расейскія пераклады літоўскага паэта Томаса Венцлавы.

Галерэя Tut.by
Праспэкт Дзяржынскага, 57
Пачатак у 17:30, уваход вольны

Неба Віктара Малышчыца

Астраном і фатограф Віктар Малышчыц ладзіць у Менску лекцыю і экскурсію «Неба, якое зьдзіўляе». А з нагоды дня сьвятога Валянціна пасьля лекцыі бонус: экскурсія па небе менскага плянэтару пад назвай «Закаханыя сузорʼі».

Менскі плянэтар,
вул. Фрунзэ, 2, парк Горкага.
Пачатак у 20:00.

Гэты дзень у гісторыі

1979 — перамога ісламскай рэвалюцыі ў Іране. Пасьля трох дзён вулічных баёў з урадавымі войскамі прыхільнікі аяталы Хамэйні бяруць пад кантроль Тэгеран.

1990 Пасьля 27-гадовага зьняволеньня на свабоду выйшаў Нэльсан Мандэла.

1999 — утвораная Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

2011 — перамога рэвалюцыі ў Эгіпце: прэзыдэнт Хосьні Мубарак падаў у адстаўку, перадаўшы ўладу Найвышэйшай радзе ўзброеных сілаў.

2015 — у Менску прайшла сустрэча «нармандзскай чацьвёркі» (лідэраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі) — міжнародная спроба разьвязаць канфлікт на Данбасе дыпляматычнымі сродкамі.

Нарадзіліся

1847 — амэрыканскі вынаходнік у галіне электрычнасьці Томас Элва Эдысан.

1875 — Васіль Качалаў, славуты расейскі актор. Качалаў — гэта псэўданім. Паходзіў артыст зь беларускага роду, нарадзіўся ў Вільні, сапраўднае прозьвішча — Шверубовіч.

1968 — Юры Жыгамонт, беларускі актор і тэлевядоўца, аўтар тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта» (цяпер выходзіць на партале Tut.by).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG