Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сустрэча з выбарнікамі пачнецца ў электрычцы «Штадлер». Як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Анісім і Канапацкая «ходзяць у народ»


Алена Анісім

На суботу 11 лютага заплянавалі свае сустрэчы з выбарнікамі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алена Анісім і Ганна Канапацкая, якіх шмат хто ў Беларусі лічыць прадстаўнікамі апазыцыі ў гэтым органе. Напярэдадні карэспандэнт Свабоды распытаў у дэпутатак, якія надзеі яны ўскладаюць на заплянаваныя сустрэчы.

Намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім будзе сустракацца з выбарнікамі на тэрыторыі сваёй 70-й Стаўпецкай акругі, у гарадзкім пасёлку Гарадзея, але пачне сустрэчы яшчэ па дарозе — у вагоне хуткай электрычкі «Штадлер».

«Чаму менавіта там? Калі я абіралася, дык шмат людзей прасілі паспрыяць, каб у пасёлку Гарадзея зрабілі прыпынак рэгіянальных лініяў, якія абслугоўваюць цягнікі „Штадлер“. Шмат людзей з Гарадзеі едзе ў Мір, у іншыя месцы вакол, а прыпынку не было, і людзі гэтага дамагаліся. Атрымалася гэтак, што неўзабаве пасьля выбараў прыпынак зрабілі, абышлося без майго дэпутацкага ўдзелу.

Але электрычка — гэта цудоўная нагода ўжо ў дарозе пагаварыць зь людзьмі пра агульныя праблемы: транспарт, працу, адукацыю, іншыя рэчы, выслухаць іх пытаньні.

Электрычка зь Менску адпраўляецца ў 8:23, запрашаю падыходзіць для размовы ў 4 вагон. Але, безумоўна, асноўны дэпутацкі прыём пройдзе ў Гарадзеі.

Чаго чакаю ад размовы? Мой пакуль невялікі досьвед ужо падказвае, што людзі найперш будуць казаць пра свае асабістыя праблемы, пра тое, што іх найперш турбуе. Калі ёсьць мэханізмы, безумоўна, буду дапамагаць.

Магчыма, выбарнікі будуць уздымаць і іншыя праблемы, важныя для ўсёй мясцовай супольнасьці, адносна якіх людзі ня ведаюць, як іх вырашыць. Пра гэта будзем думаць разам. Спадзяюся на адкрытую размову», — сказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Яе сустрэча з выбарнікамі ў Гарадзеі пройдзе ў будынку пасялковага Савету на вуліцы Крупскай з 10:30 да 12:00.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганна Канапацкая сустракаецца з грамадзянамі ў Менску па тэме, якую яна назвала «Сытуацыя ў сыстэме адукацыі Беларусі». Грамадзкая прымальня дэпутаткі будзе ў менскай школе № 11 па вуліцы Асаналіева, 14. Вось чаго чакае Ганна Канапацкая ад размовы з выбарнікамі:

«Па-першае, я сама мама, дзіця ходзіць у школу, і я бачу праблемы, якія сёньня ўзьнікаюць у сыстэме адукацыі. Бачу адарванасьць нашай адукацыі ад таго, што патрабуе эканоміка, бачу нізкую якасьць адукацыі.

Да мяне прыяжджалі на прыём настаўнікі з розных рэгіёнаў, дзяліліся сваімі праблемамі. Ведаю таксама пра праблемы вучняў, іх бацькоў.

Для мяне зразумела, што гэта ня толькі іх праблемы, не адной школы, раёну ці гораду, а рэспубліканскія праблемы, якія трэба вырашаць разам. Таму я гатовая выслухаць меркаваньні людзей і быць чалавекам, які будзе адстойваць інтарэсы настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.

Буду акумуляваць гэтыя меркаваньні, прапановы і падымаць іх у Палаце прадстаўнікоў. У маёй камандзе ўжо ёсьць станоўчы досьвед грамадзкай прымальні на экалягічныя тэмы.

У пэўных пытаньнях, там сфармуляваных, мы ўжо шчыльна працуем. Тое самае паўтараем на тэму адукацыі, якая шмат каго хвалюе.

На сустрэчу мы запрасілі прадстаўнікоў сыстэмы адукацыі, адказных чыноўнікаў. Спадзяёмся, яны таксама прыйдуць, ахвяруюць сваім выходным днём.

Вельмі ўдзячная дырэктару СШ № 11 Натальлі Тарнаповіч, якая дае нам магчымасьць разгарнуць у школе грамадзкую прымальню. Аказалася, гэта няпроста, іншыя адмаўляліся нас прыняць».

У працы грамадзкай прымальні Ганны Канапацкай на тэму адукацыі возьмуць удзел былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў і былы прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў. Час сустрэчы — 11 лютага з 11 да 14 гадзіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG