Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь гэта сымбаль краху польскай усходняй палітыкі» — Дэпутат скрытыкаваў прамову міністра замежных спраў Польшчы


Візыт парлямэнцкай дэлегацыі Беларусі ў Польшчу, 1 лютага 2017 году
Візыт парлямэнцкай дэлегацыі Беларусі ў Польшчу, 1 лютага 2017 году

Сёньня міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі выступіў з праграмнай прамовай у сэйме краіны. У ёй кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства падсумаваў вынікі замежнай палітыкі Польшчы за 2016 год.

Да посьпехаў польскай дыпляматыі міністар аднёс паляпшэньне адносінаў зь Беларусьсю.

«У 2016 годзе адбылася зьмена палітыкі адносна Беларусі. Мы рэалізавалі шэраг двухбаковых візытаў і сустрэч» — цытуе словы міністра Вашчыкоўскага афіцыйны профіль МЗС у Твітэры.

У адносінах з Расеяй міністар канстатаваў адсутнасьць кантактаў на найвышэйшым узроўні. «Палітыка адносна Расеі абумоўлена яе агрэсіўнымі намерамі. Але мы разумеем неабходнасьць дыялёгу» — сказаў Вашчыкоўскі.

Ён таксама заявіў, што Польшча падтрымлівае рэформы і праэўрепейскую палітыку ва Ўкраіне, пры гэтым не забываючыся пра гістарычныя пытаньні.

«Але мы ня хочам, каб нашыя двухбаковыя адносіны сталі закладнікам мінуўшчыны» — сказаў Вашчыкоўскі.

Гарантыяй міру ва Ўкраіне ён назваў імплемэнтацыю Менскіх пагадненьняў.

«Мы страцілі ролю лідэра эўрапейскай усходняй палітыкі»

Адразу пасьля прамовы Вашчыкоўскага ў сэйме са словамі крытыкі ў адрас польскага ўраду і кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Права і Справядлівасьць» выступіў дэпутат ад лібэральнай «Грамадзянскай плятформы», шматгадовы старшыня парлямэнцкай групы па справах Беларусі Робэрт Тышкевіч.

«Няма больш выразнага прыкладу банкруцтва замежнай палітыкі „Права і Справядлівасьці“, чым крах усходняй палітыкі Польшчы. 25 гадоў яна была нашым гонарам і польскім брэндам у Эўропе» — напісаў Тышкевіч на Фэйсбуку.

Паводле палітыка, «хапіла году праўленьня ПіС, каб гэты шматгадовыя вынікі цалкам загубіць». «Мы страцілі ролю лідэра эўрапейскай усходняй палітыкі, перасталі быць амбасадарам нашых усходніх суседзяў» — лічыць дэпутат.

Тышкевіч раскрытыкаваў адмову ПіС ад праграмы «Усходняе Парнэрства» і назваў сымбалем краху польскай усходняй палітыкі справу Беларусі.

Беларуская грамадзянская супольнасьць павінна быць бэнэфіцыярам, а не ахвярай паляпшэньня польска-беларускіх стасункаў.

«Ніхто ня ставіць пад сумнеў неабходнасьць нармалізацыі адносін зь Беларусьсю, але не цаною дэмакратычнай супольнасьці. Беларуская грамадзянская супольнасьць павінна быць бэнэфіцыярам, а не ахвярай паляпшэньня польска-беларускіх стасункаў. Гэта пытаньне прынцыпаў і каштоўнасьцяў».

Прыкладам краху дэпутат сэйму назваў пытаньне Белсату. Ён зазначыў, што ад пачатку вяшчаньня тэлеканалу стасункі Польшчы зь Беларусьсю былі ў рознай фазе, у тым ліку інтэнсіўнага пацяпленьня, але польскі ўрад ніколі ня думаў зачыняць Белсат.

«Журналісты і супрацоўнікі „Белсату“ ахвяравалі на Беларусі сваёй свабодай, каб гэты выключны праект мог існаваць. І сёньня яго хочуць ліквідаваць польскімі рукамі праз спыненьне фінансаваньня МЗС. Ліквідацыя „Белсату“ зьнішчыць давер да Польшчы як прамоўтара свабоды і дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. Радавацца ад ліквідацыі чарговай перашкоды для неабмежаванай экспансіі „рускага міру“ ў Беларусі будуць толькі ў Крамлі» — піша Тышкевіч.

Гэта палітычнае глупства, якое аслабляе і дзеліць польскую меншасьць у Беларусі.

«Гэтак жа агідна выглядаць спробы дамовіцца з Лукашэнкам за плячыма Саюзу палякаў на Беларусі, які ад 2005 году змагаецца за магчымасьць легалізацыі. Гэта агідна ня толькі ў маральным пляне, гэта палітычнае глупства, якое аслабляе і дзеліць польскую меншасьць у Беларусі. СПБ і яе старшыня Анжаліка Борыс сталі часткай польскай легенды, польскай гісторыі і барацьбы за свабоду — вядомай у Эўропе і на сьвеце. Калі польскі ўрад аддасьць гэтую легенду ў рукі „цёплага чалавека“ Аляксандра Лукашэнкі, то ён адчыніць гэтым новы разьдзел у кнізе польскага сораму» — заявіў старшыня парлямэнцкай групы па справах Беларусі Робэрт Тышкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG