Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча падаць новыя заяўкі ў Сьпіс усясьветнай спадчыны UNESCO. Прапануйце свае варыянты!


Мірскі замак — адзін з 4 беларускіх аб'ектаў, які ўваходіць у сьпіс матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны UNESCO

Пытаньне будзе разглядацца 10 лютага на пасяджэньні Нацыянальнай камісіі Беларусі ў справах UNESCO, якую ачольвае міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Заўтра экспэрты абмяркуюць, як лепей падрыхтаваць і прасоўваць беларускія намінацыйныя дасье ў сьпісы матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.

Цяпер ў першы сьпіс уключаны чатыры беларускія аб’екты — Белавеская пушча, Мірскі замак, Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс, геадэзічная дуга Струвэ. Нематэрыяльная спадчына прадстаўленая пакуль што толькі адным элементам — гэта абрад «Калядныя цары».

Якія канкрэтная аб’екты нацыянальнай спадчыны беларусаў будуць прапанаваныя ў сьпіс UNESCO, застаецца пакуль у сакрэце.

Аднак Нацыянальная камісія мае намер пашырыць беларускую прысутнасьць у спадчыне UNESCO. Актуальны «кароткі сьпіс» беларускіх намінантаў сёньня складаецца зь пяці аб’ектаў. Зьнешнепалітычнае ведамства прапануе павялічыць яго да шасьці.

На пытаньне Свабоды, якая верагоднасьць, што UNESCO пагодзіцца на прапановы зь Менску, афіцыйны Дзьмітры Мірончык адказаў:

«Я ня памятаю выпадкаў адмовы. Але гэта не таму, што UNESCO пагаджаецца на ўсё. Кожная краіна, якая хоча пашырыць сваё прадстаўніцтва ў прэстыжнай спадчыне, вельмі старанна рыхтуе кожную прапанову. І мы робім так сама».

Яшчэ адным важным пунктам заўтрашняга пасяджэньня стане абмеркаваньне прыярытэтаў дзейнасьці ў кантэксьце сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня. Сёлета спаўняецца 500 гадоў з часу выхаду першай беларускай друкаванай кнігі. Менавіта з гэтай даты вядзе адлік гісторыя нацыянальнага кнігадрукаваньня. Рашэньнем Генэральнай канфэрэнцыі UNESCO 500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня ўнесена ў сьпіс памятных датаў арганізацыі на 2016-2017 гады.

У канцы 2016-га — пачатку 2017 году замежнымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь сумесна з кіраўніцтвам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праведзены мерапрыемствы перадачы факсымільнага выданьня «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» і калекцыяў беларускіх кніг у бібліятэкі Баўгарыі, Ізраілю, Вугоршчыны, Італіі, Славаччыны, ЗША. На сустрэчах з кіраўніцтвам бібліятэк названых краінаў прайшлі перамовы пра ўзаемадзеяньне ў галіне міжнароднага кнігаабмену, арганізацыі стажыровак, сэмінараў ды іншых сумесных мерапрыемстваў культурнага, адукацыйнага і навуковага характару.

Якія канкрэтная аб’екты нацыянальнай спадчыны беларусаў будуць прапананыя ў сьпіс UNESCO, застаецца пакуль у сакрэце.

Прапануйце свае варыянты, вартыя ўключэньня ў Сьпіс усясьветнай спадчыны, у камэнтарах да гэтага артыкулу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG