Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарамета: 8 лютага сьледзтва паведаміць першыя вынікі расьcьледаваньня


Ілюстрацыйнае фота. Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Кветкі на месцы забойства Паўла Шарамета ў Кіеве, 20 ліпеня 2016 году

Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны абяцаюць 8 лютага паведаміць ход расьсьледаваньня забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.

Як паведамілі Радыё Свабода, у прэсавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца сёньня ў другой палове дня ў Кіеве, возьмуць удзел міністар унутраных спраў Арсен Авакаў і кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.

Украіна зьвярнулася па дапамогу да Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША, якое мелася правесьці некаторыя экспэртызы. Пра вынікі гэтых экспэртызаў дагэтуль нічога не вядома.

У рамках расьсьледаваньня былі апытаныя сотні людзей. Акрамя таго, сьледзтва канфіскавала відэазапісы, якія зафіксавалі людзей, што падкладалі выбухоўку ў машыну. Фотаробаты гэтых людзей дагэтуль не апублікаваныя, як і зьвесткі пра іх.

Увесь час пасьля забойства паліцыя і кіраўнікі спэцслужбаў не выдавалі ніякай інфармацыі, заяўляючы, што гэта можа нашкодзіць сьледзтву.

Яшчэ ў ліпені Генэральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка назваў асноўнай вэрсіяй забойства Шарамета расплату за ягоную прафэсійную дзейнасьць.

«Українська правда» высьветліла, што ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета сьледзтва распрацоўвала адну з вэрсіяў, паводле якой да забойства датычныя ўкраінскія баявыя батальёны.

Сёлета ў студзені Пячэрскі раённы суд Кіева зноў пачаў разглядаць запыты сьледзтва на доступ да інфармацыі пра абанэнтаў тэлекамунікацыйных паслуг пяці ўкраінскіх мабільных апэратараў — «Кіеўстар», «МТС-Украіна», «Укртэлеком», «Трымоб» ды «Лайфсел». У адным з такіх хадайніцтваў сьледчыя атрымалі доступ да інфармацыі пра некалькі замежных абанэнтаў — па адным зь Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і Літвы і па двух нумарах з Расеі.

22 студзеня Служба бясьпекі Ўкраіны прадухіліла арганізаваны з тэрыторыі Расеі замах на жыцьцё дэпутата Вярхоўнай Рады Антона Герашчанкі, а праваахоўныя органы пачалі правяраць магчымую сувязь гэтага злачынства з забойствам Паўла Шарамета.

Павал Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу» ў Расеі. Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Українська правда», а таксама на радыё «Вести».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG